2018-05-14 12:07:00

Святы Пасад працягвае міжрэлігійны дыялог з Іарданіяй


Працягваецца канструктыўны каталіцка-мусульманскі дыялог, ініцыяваны Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу і Каралеўскім інстытутам міжрэлігійных даследаванняў. У мінулыя дні, у Амане прайшла чарговая канферэнцыя, якая паказала поўную згоду па пытанні аб абароне годнасці чалавечага жыцця.

“Жыццё – гэта Божы дар для ўсіх членаў адной чалавечай сям’і, таму яно павінна быць абаронена ад зачацця да натуральнага завяршэння”, - гэта тое, што адзінадушна падкрэслілі ўдзельнікі V Каталіцка-мусульманскага калоквіума, што завяршыўся ў сталіцы Іарданія. Сустрэча праходзіла 9 і 10 мая 2018 г. на тэму “Рэлігіі і годнасць жыцця”. Дэлегацыі ўзначалілі адпаведна прынц Іарданіі Эль Хасан бін Талал і біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, сакратар ватыканскай дыкастэрыі. 

Сумесная заява, апублікаваная на завяршэнне саміта, пачынаецца з дэкларацыі абсалютнай святасці і годнасці чалавечага жыцця. “Чалавек з’яўляецца вянцом тварэння; ён надзелены годнасцю, правамі і абавязкамі. Вось чаму кожная асоба заслугоўвае павагі, любові і ўсіх сродкаў, неабходных для годнага жыцця”, - падкрэсліваецца ў тэксце заявы.

У дакуменце гаворка ідзе таксама пра моцную ўзаемасувязь паміж павагай да чалавечай годнасці і правоў чалавека, з аднаго боку, і прагрэсам і росквітам нацыі, з іншага. У гэтым плане, на думку ўдзельнікаў, мігранты, бежанцы і ахвяры гандлю людзьмі заслугоўваюць асаблівай увагі.

Дэлегацыі звярнулі ўвагу на выключную важнасць выхавання маладых людзей у павазе да тварэння і годнасці жыцця. На іх думку, у святле негатыўных з’яў у сучасным грамадстве, трэба ўвесці выкладанне кодэкса этыкі ў школах.

Завяршыла форум падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні, які пацвярджае волю да працягу і “інстытуцыяналізацыі” супрацоўніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.