2018-05-13 11:08:00

Папа да моладзі: не бойцеся быць святымі


“Не ўзводзьце муры, а будуйце масты”, - заклікаў Францішак моладзь, якая 12 мая 2018 г. прыняла ўдзел у міжнародным марыйным малітоўным чуванні ў санктуарыі Сан-Габрыэле-дэль-Адаларата ў італьянскім горадзе Тэрама. Святы Айцец прывітаў юнакоў і дзяўчат з дапамогай відэапаслання. 

Ён заклікаў моладзь не баяцца быць святымі, скіроўваць позірк да Панны Марыі і асабліва да св. Габрыэля – апекуна студэнтаў. Папа нагадаў удзельнікам чування, што ў кастрычніку ў Ватыкане адбудзецца Сінод Біскупаў, прысвечаны менавіта пытанням моладзі, веры і распазнання паклікання.

Францішак заахвоціў юнакоў і дзяўчат быць актыўнымі і не баяцца памыляцца, вучачыся на ўласных памылках. “Калі нехта – ўключаючы вашых бацькоў, вашых святароў, вашых настаўнікаў, – паспрабуе закрыць вам рот, нагадайце ім, што Касцёл і свет, патрабуюць моладзі, каб амаладзіцца”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Малітоўнае чуванне ў Тэрама пачалося з ружанцовай малітвы на розных мовах, у якой – дзякуючы тэлемосту, – прынялі ўдзел маладыя вернікі з Панамы, Ірландыі, Расіі і Тайваня. Падзея адбылася ў кантэксце месяца мая, які ў Каталіцкім Касцёле прысвечаны асабліваму ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.