2018-05-12 14:02:00

Пантыфік сустрэўся з “Колам св. Пятра”


12 мая 2018 г. Францішак сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі “Кола св. Пятра” (Circolo San Pietro) – арганізацыі, якая ад імя Пантыфіка займаецца дабрачыннай дзейнасцю ў Рымскай дыяцэзіі. Аўдыенцыя стала працягам штогадовай традыцыі сустрэч дабрачынцаў з Папам. 

Святы Айцец падзякаваў сваім гасцям за “штодзённую службу найбольш абяздоленым”. Арганізацыя “на працягу многіх гадоў з’яўляецца цудоўнай рэчаіснасцю падтрымкі і дапамогі бедным”, прыкладам “плённага “жыцця” любові, выразам касцёльнага “вінаградніка” ў Рыме, адзначыў ён. 

Пантыфік заклікаў дабрачынцаў “імкнуцца быць тварам Касцёла, які рассоўвае межы і ніколі не спыняецца, выходзячы насустрач братам і сястрам, якія маюць голад і прагу слухання, абмену, блізкасці і салідарнасці”. “Я заклікаю вас, працягваць ісці па гэтым шляху!”, - звярнуўся Францішак. 

“Будзьце мужнымі місіянерамі хрысціянскай любові і не стамляйцеся сведчыць аб міласэрнасці і дабрыні Бога, становячыся прыладай суцяшэння для многіх слабых і асоб, што знаходзяцца ў роспачы”, - заклікаў Папа.

Ён запрасіў членаў асацыяцыі імкнуцца да святасці. “Ваша апостальства – гэта магчымасць і інструмент для рэалізацыі закліку да святасці, які Пан кіруе да кожнага з нас. Дзякуючы справам міласэрнасці, вы дазваляеце ласцы, атрыманай падчас хросту, прыносіць плён на шляху святасці, якая з’яўляецца плёнам Святога Духа ў нашым жыцці”, - звярнуў увагу Пантыфік.

“Кола св. Пятра” было заснавана ў Рыме ў 1869 г. па ініцыятыве групы маладых людзей з мясцовых заможных сем’яў. Праз каталіцкую прэсу, збор подпісаў і ініцыятывы салідарнасці яны выступалі ў абарону Папы падчас нападак на яго ў той складаны перыяд гісторыі. Затым Пій IX даверыў ім асабліва заданне – клапаціцца пра рымскіх бедных, што асацыяцыя працягвае рабіць да сённяшняга дня.








All the contents on this site are copyrighted ©.