2018-05-11 14:22:00

Францішак сустрэўся з Мітрапалітам Чэхіі і Славакіі


Пантыфік прыняў на аўдыенцыі кіраўніка Праваслаўнай Царквы Чэшскіх зямель і Славакіі, Мітрапаліта Расціслава. Сустрэча прайшла 11 мая 2018 г. у ватыканскім Апостальскім палацы. Гэта быў першы візіт праваслаўнага іерарха да Святога Айца пасля яго выбару 11 студзеня 2014 г.

Вітаючы высокага госця, Папа нагадаў словы апостала Паўла, скіраваныя да рымскіх хрысціян: “Таму будзем шукаць таго, што служыць спакою і ўзаемнаму збудаванню” (Рым 14,19). “Благаславім Бога за духоўныя сувязі, якія нас аб’ядноўваюць, а таксама падтрымліваюць у далейшым узаемным збудаванні і супольным пошуку міра, які з’яўлецца дарам Уваскрослага”, - сказаў ён.

У рамках сваёй пілігрымкі ў Рым Мітрапаліт сустрэўся са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам, і ўзначаліў Боскую літургію ля магілы св. Кірыла ў рымскай базыліцы св. Клімента.

“Згодна з традыцыяй, менавіта святыя Кірыл і Мятод, якія паходзілі з Салонікаў, прывезлі папу Адрыяну ІІ рэліквіі св. Клемента – аднаго з першых Біскупаў Рыма, які памёр у выгнанні ў часы імператара Траяна. Учынак Кірыла і Мятода нагадвае, што мы, хрысціяне, разам атрымалі ў спадчыну, і чым пастаянна павінны дзяліцца: вялізарнай супольнай спадчынай святасці”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заўважыў, што гаворка ідзе не толькі пра мучанікаў далёкага мінулага, але таксама пра сучасных, у тым ліку ахвяр атэістычнага пераследу ў Чэхіі і Славакіі. “Таксама і сёння пакуты шматлікіх братоў і сясцёр, якіх пераследуюць за Евангелле, з’яўляюцца тэрміновым зваротам, які кліча нас да пошуку большай еднасці. Няхай прыклад Кірыла і Мятода дапаможа нам належна ацаніць гэту спадчыну святасці, якая ўжо нас яднае”, - дадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што святыя Кірыл і Мятод пераклалі евангельскае пасланне на мову, якая была зразумелай для славянскіх народаў Вялікамараўскай дзяржавы. У гэтым кантэсце ён адзначыў важнасць новай евангелізацыі. “Каб абвяшчаць Пана не дастаткова пацвярджаць схемы мінулага, але мы павінны слухаць Святога Духа, Які заўсёды натхняе на новыя і адважныя спосабы евангелізацыі нашых сучаснікаў. Ён робіць гэта і сёння, таксама ў традыцыйна хрысціянскіх краінах, часта пазначаных секулярызацыяй і абыякавасцю”, - сцвердзіў Папа.

Францішак спаслаўся на словы Яна Паўла ІІ, які называў святых Кірыла і Мятода “сапраўднымі прадвеснікамі экуменізма”. “Яны нам нагадваюць, што еднасць не азначае аднастайнасці, але прымірэнне адметнасцяў у Святым Духу. Няхай сведчанне святых Кірыла і Мятода спадарожнічае нам на шляху да поўнай еднасці, натхняючы нас жыць гэтай разнастайнасцю ў адзінстве і ніколі не апускаць рукі на нашым шляху, прайсці які мы пакліканы па волі Пана і з радасцю”, - пажадаў Папа.

Святы Айцец выказаў удзячнасць за актыўны ўдзел Праваслаўнай Царквы Чэшскіх земляў і Славакіі ў працы Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Ён выказаў пажаданне, каб гэта структура працягвала весці дыялог на тэму адносін паміж сінадальнасцю і першаснасцю ў першым тысячагоддзі.

Праваслаўная Царква ў былой Чэхаславакіі спасылаецца на традыцыю місіі святых братоў Кірыла і Мятода ў Маравіі ў IX ст., хоць пазней у Чэхіі на працягу многіх стагоддзяў яна не прысутнічала. У арганізацыйным плане, сфарміравалася пасля Першай сусветнай вайны, у 1918 г., калі была створана Чэхаславакія. Менавіта тады быў атрыманы аўтаномны статус пры Сербскім Патрыярхаце. Пасля Другой сусветнай вайны, калі Чэхаславакія была ў савецкай сферы ўплыву, мясцовая Праваслаўная Царква – нягледзячы на пратэсты Сербскай Царквы – перайшла пад юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхата, які ў 1951 г. прызнаў за ёй аўтакефалію. Толькі ў жніўні 1998 г. аўтакефалія была прызнана Канстантынопальскім Патрыярхатам.

Сёння Праваслаўная Царква Чэшскіх зямель і Славакіі налічвае каля 100 тыс. вернікаў, з якіх каля 70 тыс. пражываюць у Славакіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.