2018-05-03 12:00:00

Мальтыйскі Ордэн абраў Вялікага магістра


Вялікім магістрам Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна быў абраны фра Джакама Дала Торэ дэль Тэмпіа дзі Сангвінэта. З 2 мая 2018 г. ён з’яўляецца 80-ым кіраўніком мальтыйцаў. Выбары правяла Дзяржаўная рада – вышэйшы выбарчы орган, які складаецца з 54 асоб, што прадстаўляюць усе супольнасці.

Вердыкт быў вядомы яшчэ 29 красавіка, але – у адпаведнасці са статутам і традыцыяй Ордэну – імя новага Вялікага магістра можа быць агучана толькі пасля паінфармавання аб выніках галасавання Пантыфіка. Затым навіну перадаюць ва ўсе арганізацыйныя адзінкі, у тым ліку ў 107 дыпламатычных місій.

Неўзабаве пасля абрання, Дала Торэ пацвердзіў жаданне працягнуць працу па рэформе Ордэна, пачатую ў 2017 г., якая мае на мэце адаптаванне яго дзейнасці да значнага развіцця, якое адбывалася некалькі апошніх дзесяцігоддзяў. Сёння Мальтыйскі Ордэн, якія існуе ўжо амаль тысячу гадоў, працуе ў 120 краінах свету, рэалізуючы з дапамогай 120 тыс. валанцёраў і медыкаў больш за 2 тыс. сацыяльных праектаў. 

Джакама Дала Торэ нарадзіўся ў 1944 г. у Рыме. Скончыў факультэт літаратуры і філасофіі ў мясцовым універсітэце, спецыялізуючыся ў хрысціянскай археалогіі і гісторыі мастацтва. Займаў розныя пасады ў Папскім універсітэце “Urbaniana”. У Ордэне – з 1985 г.

Папярэдні Вялікі магістр Мэцью Фэсцінг сышоў у адстаўку год таму па просьбе папы Францішка. 11 гадоў сваёй працы ён імкнуўся ўмацаваць духоўны бок жыцця мальтыйцаў. Увёў праграмы духоўнай фармацыі для навіцыяў і членаў Ордэна, імкнуўся да поўнага захавання вучэння Касцёла ў дабрачыннай дзейнасці. Як ён прызнаўся ў інтэрв’ю газеце “Il Messaggero”, хацеў каб мальтыйцы былі на самой справе ордэнам, а не пазаўрадавай арганізацыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.