2018-04-28 10:11:00

Францішак пачаў сустрэчы з ахвярамі злоўжыванняў у Чылі


Святы Айцец пачаў сустрэчы з ахвярамі сексуальнага гвалту з боку некаторых прадстаўнікоў духавенства ў Чылі, паінфармаваў 27 красавіка 2018 г. кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк. Ён зазначыў, што згодна з пажаданнем Францішка, не прадугледжана апублікаванне афіцыйных паведамленняў адносна зместу гэтых сустрэч. 

Папа лічыць сваім прыярытэтам выслухаць ахвяр, папрасіць у іх прабачэння і паважаць канфідэнцыйнасць размоў. У такой атмасферы даверу і кампенсацыі за пакуты ён пажадаў, каб запрошаныя маглі выказвацца столькі часу, колькі ім будзе патрэбна. Не быў таксама прадвызначаны спектр тэмаў для абмеркавання, заўважыў прадстаўнік Святога Пасаду.

Па запрашэнні Францішка ў Ватыкан прыбылі некаторыя ахвяры сексуальнага гвалту ў Касцёле ў Чылі. Акрамя індывідуальных сустрэч са Святым Айцом, яны будуць прыняты арцыбіскупам Чарльзам Шыклюнам і мансеньёрам Ёрдзі Бэртамэў Фарносам, якія займаліся раследваннем злоўжыванняў прадстаўнікоў духавенства ў гэтай лацінаамерыканскай краіне.








All the contents on this site are copyrighted ©.