З нагоды распачацця месяца мая, які ў Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Панны Марыі, Францішак здзейсніць візіт у рымскі санктуарый Маці Божай Любові. Пілігрымка адбудзецца 1 мая 2018 г. і будзе працягвацца некалькі гадзін.
Пантыфік прыбудзе ў святыню каля 17.00 па сярэднееўрапейскім часе. Яго будзе сустракаць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, арцыбіскуп Анджэла Дэ Данаціс, а таксама прадстаўнікі мясцовага духавенства, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.
Пасля кароткага прывітання Святы Айцец узначаліць ружанцовую малітву перад старажытным цудатворным абразом Маці Божай Любові. Ён будзе маліцца ў інтэнцыі міру ў свеце, з асаблівай спасылкай на трагічную сітуацыю ў Сірыі.
Затым Пантыфік сустрэнецца з членамі манаскіх супольнасцей Сыноў і Дачок Маці Божай Любові, якія апякуюцца санктуарыем, а таксама ўшануе магілу Слугі Божага кс. Умбэрта Тэрэнцы, заснавальніка ўзгаданых кангрэгацый, першага рэктара санктуарыя і першага пробашча мясцовай парафіі.
У праграму візіта ўключана таксама сустрэча Францішка з асобамі, якія жывуць у прытулку для пажылых людзей, і з выхаванцамі дзіцячага дома – абедзьве дабрачынныя структуры дзейнічаюць пры санктуарыі. Перад ад’ездам у Ватыкан Папа ўдзеліць благаслаўленне ўсім мясцовым вернікам на плошчы перад святыняй.
All the contents on this site are copyrighted ©. |