2018-04-23 13:34:00

Папа ўзначаліў пасяджэнне Рады кардыналаў


23 красавіка 2018 г. у Ватыкане на сваёй 24-й сесіі сабралася Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, паведамляе Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Сустрэча працягнецца да серады 25 красавіка. 

Структура была створана 13 красавіка 2013 г. для распрацоўкі рэформы Рымскай курыі і дапамогі Пантыфіку ў рэалізацыі яго місіі кіравання Касцёлам. У ватыканскай заяве нічога не гаворыцца пра канкрэтныя тэмы сустрэчы, але, як паведаміў нядаўна каардынатар Рады, кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга, новая Апостальская канстытуцыя аб Рымскай курыі “амаль гатовая”.

У той жа час гандурасскі іерарх адзначыў, што пры падрыхтоўцы гэтага дакумента яшчэ неабходны этап кансультацый з розным дыкастэрыямі, яго перагляд і ўдасканаленне. Адным з пытанняў, якія трэба дапрацаваць, з’яўляецца роля нунцыяў у адборы кандыдатаў на біскупства. Кардынал папярэдзіў, што над такім сур’ёзным дакументам не можна працаваць у спешцы. “Мы просім Бога, каб Канстытуцыю можна было апублікаваць на працягу года”, - адзначыў ён.

Падчас мінулага пасяджэння, якое прайшло ў Ватыкане 26-28 лютага 2018 г., былі разгледжаны пытанні: тэалагічнага статусу біскупскіх канферэнцый, кадравай сітуацыі ў Ватыкане і Святым Пасадзе, стрымлівання выдаткаў і абароны непаўналетніх.

Была падкрэслена неабходнасць тэалагічнай рэфлексіі адносна сітуацыі вакол Канферэнцый Біскупаў. Кардыналы лічаць, што да гэтага часу недастаткова праяснены статус мясцовых епіскапатаў у якасці суб’ектаў, надзеленых канкрэтнымі паўнамоцтвамі, уключаючы пэўны дактрынальны аўтарытэт. Празмерная цэнтралізацыя, паводле іх, не палягчае, а ўскладняе жыццё Касцёла і перашкаджае яго місійнай дынаміцы. На лютаўскім пасяджэнні было прапанавана новае прачытанне Апостальскага паслання Яна Паўла ІІ “Apostolos Suos” “у духу здаровай дэцэнтралізацыі”, пра якую часта кажа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.