2018-04-22 13:29:00

Францішак заклікаў да мірнага вырашэння сітуацыі ў Нікарагуа


Святы Айцец заклікаў да мірнага вырашэння канфліктнай сітуацыі ў Нікарагуа, дзе ў выніку сутыкнення маніфестантаў з сіламі правапарадку загінулі па меншай меры дзесяць чалавек. З адмысловым зваротам ён выступіў пасля малітвы “Regina Coeli”, якая прайшла 22 красавіка 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Дарагія браты і сёстры, я вельмі заклапочаны тым, што адбываецца ў гэтыя дні ў Нікарагуа, дзе ў выніку сацыяльных пратэстаў выбухнулі сутыкненні, якія нават прывялі да чалавечых ахвяр. Выказваю маю блізкасць у малітве з гэтай дарагой краінай і далучаюся да біскупаў, заклікаючы спыніць насілле і пазбегнуць непатрэбнага кровапраліцця, каб адкрытыя пытанні вырашаліся мірна і з пачуццём адказнасці”, - заклікаў Папа.

Пратэсты супраць рэформы сістэмы сацыяльнага забеспячэння ў Нікарагуа пачаліся 18 красавіка адразу ў некалькіх гарадах. Паліцэйскія стралялі ў людзей і выкарыстоўвалі слёзатачывы газ. Акрамя загінулых, каля сотні чалавек атрымалі траўмы рознага ўзроўню цяжкасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.