2018-04-21 12:03:00

Святы Айцец даў парады англійскім семінарыстам


Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане настаяцеляў і навучэнцаў Вялебнага англійскага калегіума (Venerable English College) – рымскай духоўнай семінарыі, якая была заснавана ў 1576 г. для фармацыі святароў з Англіі і Уэльса. Сустрэча прайшла 21 красавіка 2018 г. у Зале Кансісторыяў ватыканскага Апостальскага палаца. У ёй прынялі ўдзел каля 50 чалавек. 

У прамове Папа заўважыў, што жадае звярнуцца да сваіх гасцей як айцец, які прагне падзяліцца некаторымі падбадзёрваючымі словамі. “Перш за ўсё я малюся, каб вы маглі ўзрастаць, усё больш паглыбляючы вашы адносіны з Панам і вашу ўвагу да іншых людзей, асабліва да найбольш патрабуючых. Любоў да Бога і бліжняга – гэта два стаўпы нашага жыцця”, - сказаў ён.

Гаворачы аб любові да Бога, Францішак прызнаўся, што яму вельмі прыемна бачыць моладзь, якая рыхтуецца ўзяць на сябе абавязацельствы перад Панам на ўсё жыццё. 

“Гэта складаней для вас, чым было для мяне, па прычыне сучаснай “культуры часовага”. Каб перамагчы гэты выклік і дапамагчы вам зрабіць сапраўднае абяцанне Богу, жыццёва неабходна, каб на працягу гэтых семінарыйных гадоў вы ўмацоўвалі сваё духоўнае жыццё, навучаючыся зачыняць дзверы вашай унутранай келлі знутры. Такім чынам ваша служэнне Богу і Касцёлу будзе ўмацаваным і зможаце знайсці той супакой і шчасце, якія толькі Езус можа даць”, - запэўніў Пантыфік.

Кажучы аб важнасці любові да бліжняга, Папа зазначыў, што яна з’яўляецца актам паслухмянасці Богу, Які сам схіліўся, каб абмыць ногі сваім вучням. 

“Часам складана любіць нашага бліжняга і менавіта для гэтага, каб наша служэнне было плённым, нам пастаянна трэба “заставацца засяроджанымі, моцна трываючымі ў Богу, Які любіць і падтрымлівае. Дзякуючы гэтай унутранай нязломнасці можна... з цярплівасцю зносіць іншых і быць пастаяннымі ў дабры”. Гэта ўнутраная нязломнасць, гэта вернасць любові, характарызавала жыццё мучанікаў вашага калегіума і з’яўляецца фундаментальна важнай для нас, якія намагаемся наследаваць Езуса, Які кліча, каб мы, у нашай беднасці, служылі Ягонай велічы, і Які раскрывае сваю веліч пасярод бедных”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што Вялебны англійскі калегіум даў Касцёлу соракчатыры мучанікі. “Пад кіраўніцтвам і натхненнем гэтых святых, я спадзяюся, што вы будзеце здольнымі развіваць гэта “містычнае, сузіральнае братэрства, якое ўмее глядзець на святую веліч бліжняга, умее адкрыць Бога ў кожным чалавеку, умее разам зносіць жыццёвыя нягоды”, - падкрэсліў ён.

Паводле Папы, значнай перашкода ў хрысціянскім жыцці з’яўляецца страх, які трэба перамагаць любоўю, малітвай і пачуццём гумару. “Такім чынам я спадзяюся, што вы не будзеце баяцца цяжкасцяў, выпрабаванняў і няспыннай барацьбы з грахом. Заклікаю вас таксама не баяцца саміх сябе. Бяручы прыклад з вашага нябеснага заступніка, св. Тамаша Кентэрберыйскага, – які не дазволіў грахам свайго мінулага і чалавечым абмежаванасцям перашкодзіць яму ў служэнні Богу аж да канца, – вы не толькі будзеце здольнымі перамагчы вашы страхі, але дапаможыце таксама іншым людзям пераадолець іх”, - сказаў Пантыфік.

Напрыканцы свайго звароту Францішак нагадаў англійскім семінарыстам пра каштоўнасць сапраўдных сяброў, не тых, якія ва ўсім пагаджаюцца, але з’яўляюцца сапраўдным Божым дарам, каб дапамагаць крочыць да таго, што справядлівае, хвалебнае і добрае. 








All the contents on this site are copyrighted ©.