Папа скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў пасяджэння адказных за душпастырства моладзі на Кубе, якое праходзіць 20-21 красавіка 2018 г. у Гаване з нагоды бліжэйшых Сусветных дзён моладзі і Сустрэчы каталіцкай моладзі Кубы. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат любіць Хрыста і Айчыну, з адвагай занураючыся ў праблемы канкрэтнага штодзённага жыцця.
“Дарагая моладзь, заклікаю вас закахацца ў Езуса і прыкладаць усё больш канкрэтныя намаганні, служачы Касцёлу ў сучаснай Кубе, без страху слухаючы пакліканне Бога ў сітуацыях, якія ўзнікаюць перад вамі штодзённа. Шчырыя патрыёты, любіце вашу зямлю, любіце вашу Айчыну! Будзьце шчодрымі і адкрыйце свае сэрцы на Пана!”, - сказаў Папа.
Францішак пажадаў, каб бліжэйшыя моладзевыя форумы не былі галоўнай мэтай духоўнага пілігрымавання для моладзі, але каб яно працягвалася і надалей. Гэтыя падзеі павінны стаць нагодай, каб глыбока паразважаць над працэсамі веры і працягваць будаваць Касцёл на Кубе і ўласную Айчыну сёння і ў будучыні, падкрэсліў Пантыфік.
“Заклікаю вас заўсёды крочыць наперад: глядзіце наперад, любіце вашу зямлю, любіце Езуса і няхай вас бароніць Найсвяцейшая Панна! Адважней!”, - сказаў Святы Айцец на заканчэнне свайго кароткага відэапаслання да ўдзельнікаў сустрэчы кубінскіх каталіцкіх моладзевых лідэраў.
Бліжэйшыя Сусветныя дні моладзі пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. у Панаме. У сваю чаргу Сустрэча каталіцкай моладзі Кубы адбудзецца ў жніўні 2019 г. у горадзе Сант’яга.
All the contents on this site are copyrighted ©. |