2018-04-17 13:38:00

Францішак: Касцёлу і свету патрэбны прарокі


Касцёл мае патрэбу ў прароках, якія будуць бескампрамісна прапаведаваць Божую праўду, здольных плакаць над сваім народам і дарыць яму надзею, лічыць Папа. Аб гэтым ён казаў 17 красавіка 2018 г. у Ватыкане падчас ранішняй св. Імшы.

У сваёй гаміліі Святы Айцец спаслаўся на першае чытанне сённяшняй Літургіі слова (Дз 7,51-59 8.1), якое апісвае мучаніцтва св. Стэфана. Францішак падкрэсліў цвёрдую мову першага з вучняў Езуса, які аддаў сваё жыццё за Евангелле. Ён, не вагаючыся, дакараў людзей, старэйшых і кніжнікаў, за іх упартасць і супраціў адносна Святога Духа. Св. Стэфан крытыкаваў іх непаслядоўнасць і крывадушнасць, зачыненасць сэрцаў, тое, што забыліся гісторыю Ізраіля. І гэтак жа, як іх продкі гналі прарокаў, яны таксама, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам, а вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. Каментуючы гэтую сцэну Папа адзначыў, што, калі прарок выяўляе праўду, чалавек або адкрываецца на яе, або абсалютна замыкаецца, гневаецца і развязвае пераслед.

Францішак адзначыў, што часта людзі з цяжкасцю слухаюць нязручную праўду, а прарокі заўсёды сутыкаюцца з праблемамі і пераследам за прапаведаванне ісціны. Але важна, каб прарок не толькі цвёрда абвяшчаў праўду, але і ўмеў плакаць над сваім народам, які пакінуў яе. І Езус, з аднаго боку, кажа рэзкія словы, а з другога, аплаквае Ерузалем. Гэтым правяраецца сапраўдны прарок: ён мае здольнасць плакаць над сваім народам і казаць цвёрда, калі павінен рабіць гэта, заўважыў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што сапраўдны прарок з’яўляецца прапаведнікам не няшчасця, а надзеі. “Ён адчыняе брамы, гоіць карані, аднаўляе прыналежнасць да Божага народа, каб той ішоў наперад. Не дакарае, кіруючыся ўладай, наадварот, з’яўляецца чалавекам надзеі. Папракае, калі гэта неабходна, і адчыняе дзверы, гледзячы на перспектыву надзеі. Сапраўдны прарок, калі добра робіць працу, плоціць за гэта сваім жыццём”, - сказаў Пантыфік.

Францішак працытаваў словы Тэртуліяна: “Кроў мучанікаў з’яўляецца насеннем хрысціянаў”. “Касцёл мае патрэбу ў прароках. Скажу больш: мы ўсе павінны быць прарокамі. Не крытаканамі – гэта зусім іншае. Гаворка ідзе не пра заўсёды крытычнага суддзю, які нічога не любіць, якому нічога не падабаецца... Такі чалавек – не прарок. Прарок гэта той, хто моліцца, глядзіць на Бога, глядзіць на свой народ, адчувае боль, калі людзі блукаюць, плача – ён у стане плакаць над сваім народам, – але таксама ўмее адпаведна выкарыстаць гэта, каб сказаць праўду”, - заўважыў Папа.

“Няхай у Касцёле не будзе недахопу ў прароцкім служэнні для таго, каб пастаянна рухацца наперад”, - пажадаў Францішак, падсумоўваючы сваю гамілію.








All the contents on this site are copyrighted ©.