2018-04-17 14:38:00

Пантыфік да “Сaritas”: патрэбна большая ўвага да бедных


Трэба спрыяць “усё большай адданасці праблемам апошніх і бедных, сягаючы аж да чалавечых і экзістэнцыяльных перыферый сучаснага грамадства, каб быць сапраўднымі апосталамі любові”, адзначыў Францішак у пасланні з нагоды 40-й канферэнцыі італьянскіх дыяцэзіяльных аддзяленняў “Caritas”. Форум праходзіць 17-19 красавіка 2018 г. у Падуі пры ўдзеле больш чым 600 кіраўнікоў і супрацоўнікаў 220 мясцовых структур гэтай дабрачыннай арганізацыі. 

У спецыяльнай тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, Пантыфік узгадаў пра мансеньёра Джавані Нэрва, першага старшыню італьянскага “Сaritas”, і мансеньёра Джузэпэ Пазіні, які кіраваў гэтай арганізацыяй на працягу амаль дзесяці гадоў. “Сваімі думкамі і каштоўным жыццёвым сведчаннем яны ўзбагацілі спадчыну Касцёла ў Італіі, якая працягвае прыносіць плёны сапраўднай любові і міласэрнасці”, - заўважыў Святы Айцец.

Свой зварот да ўдзельнікаў форума скіраваў таксама Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла, які падкрэсліў важны ўклад каталіцкай дабрачыннай арганізацыі ў жыццё ўсяго грамадства праз штодзённую вернасць людзямі, шчырыя высілкі на карысць дапамогі патрабуючым і павагу да годнасці кожнай асобы. 

Сёлетняя канферэнцыя італьянскіх “Сaritas” праходзіць у кантэксце маючага адбыцца ў кастрычніку Сінода Біскупаў, і таму таксама асаблівым чынам прысвечана праблемам моладзі і месцу людзей маладога ўзросту ў жыцці сучаснага грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.