2018-04-15 12:11:00

Францішак занепакоены цяперашняй сусветнай сітуацыяй


Святы Айцец падзяліўся сваім хваляваннем адносна сітуацыі ў Сірыі ў і ўвогуле ў свеце, а таксама яе абвастрэннем у апошнія дні. Ён запэўніў у сваёй гарачай малітве за мір і заклікаў рабіць усё дзеля спынення трываючага ўжо сем гадоў канфлікту. 

“Я глыбока занепакоены цяперашняй сусветнай сітуацыяй, у якой, нягледзячы на даступныя для міжнароднай супольнасці інструменты, вельмі цяжка дамовіцца аб сумесных дзеяннях у інтарэсах міру ў Сірыі і ў іншых рэгіёнах свету. Я няспынна малюся за мір і запрашаю ўсіх людзей добрай волі працягваць рабіць тое ж. Яшчэ раз звяртаюся да ўсіх палітычных лідэраў, заклікаючы іх абіраць справядлівасць і мір”, - сказаў Пантыфік 15 красавіка 2018 г. падчас сустрэчы з вернікамі на “Regina Caeli”.

Кааліцыя на чале з ЗША нанесла ўдары па Дамаску і правінцыі Хомс. Яны аказаліся больш масіраванымі, чым год таму – тады па сірыйскай авіябазе Шайрат амерыканцы выпусцілі 59 крылатых ракет. На гэты раз дакладнай інфармацыі аб колькасці запушчаных ракет няма, але самі Злучаныя Штаты кажуць, што іх было прыкладна ў два разы больш.

Дыпламатычнае супрацьстаянне вакол сірыйскае праблемы працягваецца. Галоўным на дадзены момант застаецца тое, што прамога ваеннага сутыкнення Расіі і ЗША пакуль удалося пазбегнуць.








All the contents on this site are copyrighted ©.