2018-04-14 13:03:00

Сітуацыя ў Конга ў цэнтры ўвагі Святога Пасаду


Мансеньёр Антуан Камільеры, падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі прыняў удзел у гуманітарнай канферэнцыі па Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якая прайшла 13 красавік 2018 г. у Жэневе пад эгідай ААН. Ён нагадаў, што рэальныя і ўстойлівыя рашэнні складаных сітуацый прыходзяць заўсёды ў духу агульнай адказнасці, салідарнасці і братэрства. У выпадку афрыканскай краіны, “існуе настойлівая неабходнасць прагрэсу на палітычным узроўні”.

Касцёл не можа застацца ў баку ад таго, што адбываецца ў Конга, паколькі яго члены сутыкаюцца з асабліва складанай сітуацыяй насілля і забойстваў, што рэгулярна адбываюцца ў раёнах, дзе дзейнічаюць узброеныя групы або мясцовыя апалчэнцы, чые гвалтоўныя дзеянні становяцца ўсё больш агрэсіўнымі. Яны спрабуюць апраўдаць сваю дзейнасць этнічна-племяннымі матывамі, хоць на самай справе яна часта палітычна і эканамічна матываваная. Пра пакуты мільёнаў нявінных кангалезскіх грамадзян вельмі часта кажа папа Францішак, нагадаў кс. Камільеры.

Драматычная гуманітарная сітуацыя ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга ставіць сур’ёзны выклік для пошуку неадкладных, эфектыўных і ўстойлівых рашэнняў, звярнуў увагу ватыканскі дыпламат. Ён нагадаў, што на сённяшні дзень Святы Пасад выдаткаваў каля паўмільёна долараў на аднаўленне школ і медустаноў, дапамогі асобам ва ўмовах крайняй галечы. Асаблівая ўвага была звернута на недаяданне дзяцей і падтрымку перамешчаных сем’яў.

Гуманітарны крызіс у Конга паставіў каля 13 мільёнаў людзей у сітуацыі выжывання. Яны часта сутыкаюцца з абыякавасцю ў адносінах да сябе. Таму, лічыць прадстаўнік Святога Пасаду, трэба тэрмінова знайсці новыя шляхі, каб пераўтварыць існуючыя магчымасці ў гарантыі, што дазваліць кожнаму чалавеку глядзець у будучыню з абгрунтаваным даверам.








All the contents on this site are copyrighted ©.