2018-04-13 14:03:00

Францішак: быць свабоднымі ад кар’ерызму, амбіцый і моды


Сапраўдная свабода заключаецца ў тым, каб вызваліць месца для Бога ў жыцці і наследаваць Яго нават нягледзячы на пакуты, падкрэсліў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 13 красавіка 2018 г. у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. 

Галоўнай тэмай яго гаміліі была свабода Божых дзяцей, якую Езус падарыў людзям праз сваю адкупленчую справу. Спасылаючыся на літургічнае чытанне з кнігі Дзеяў Апосталаў (5, 34-42), ён звярнуў увагу на прыклад фарысея Гамаліэля, які здолеў пераканаць сінедрыён вызваліць Пятра і Яна, кажучы, што калі іх справа ад людзей, то яна сама знікне.

Паводле Папы, Гамаліэль – гэта свабодны чалавек, з “халодным” розумам, які ведае, што “час зробіць сваю справу”. “Свабодны чалавек не баіцца часу: ён дазваляе, каб дзейнічаў Бог. Ён дае магчымасць Богу дзейнічаць у часе. Свабодны чалавек – цярплівы”, - дадаў Пантыфік. 

Францішак заўважыў, што чалавекам з такім падыходам быў таксама і Понцій Пілат, які зразумеў, што Езус быў невінаваты. “Але ён не здолеў вырашыць праблемы, таму што быў несвабодным”, яму “не хапала адвагі”, ён быў “нявольнікам кар’еры, амбіцый, асабістага поспеху”, перакананы Святы Айцец. 

Паводле Папы, іншы прыклад свабоды даюць апосталы Пётр і Ян, якія радаваліся, што сталі годнымі зносіць знявагі ў імя Езуса. “Радасць наследавання Езуса з’яўляецца іншым відам свабоды: больш вялікай, больш шырокай, больш хрысціянскай”, - заўважыў Пантыфік.

Спасылаючыся на евангельскае чытанне аб цудзе памнажэння хлябоў (Ян 6, 1-15), Святы Айцец адзначыў, што самы вялікі прыклад свабоды дае Езус. Людзі жадалі схапіць Яго, каб зрабіць каралём, але Ён адышоў ад іх. “Ён стаміўся ад трыўмфалізму. Не дазволіў падмануцца гэтым трыўмфалізмам. Быў свабодным”, - адзначыў Папа і дадаў, што замест зямной хвалы, Хрыстус памёр на крыжы, даючы прыклад самай вялікай свабоды, якая заключаецца ў спаўненні волі Айца.

“Варта задумацца сёння аб нашай свабодзе. (...) Я свабодны ці з’яўляўся нявольнікам сваіх жарсцяў, амбіцый, багацця, моды? Гэта здаецца жартам, але колькі людзей сёння з’яўляецца нявольнікамі моды... Падумаем пра нашу свабоду ў гэтым крыху “шызафрэнічным” свеце, які крычыць аб свабодзе, але становіцца ўсё больш несвабодным. Падумаем пра свабоду, якую нам дорыць Бог у Езусе”, - заклікаў вернікаў Папа. 








All the contents on this site are copyrighted ©.