2018-04-10 12:29:00

Святы Айцец пра стаўленне святара падчас споведзі


Пантыфік правёў 10 красавіка 2018 г. адмысловую сустрэчу з Місіянерамі Міласэрнасці – святарамі, якія падчас Святога Года сталі спецыяльнымі папскімі пасланнікамі па ўсім свеце. На форум, які праходзіць у гэтыя дні ў Рыме, Папская рада па новай евангелізацыі запрасіла каля 500 прэзбітэраў. У сваёй прамове Францішак багата спасылаўся на Кнігу прарока Ісаі і пасланні святога Паўла.

“Наша служэнне – гэта заклік шукаць і атрымліваць прабачэнне Айца”, - звярнуўся да духавенства Пантыфік. Ён нагадаў, што Бог мае патрэбу ў людзях, якія прапаведуюць свету Яго міласэрнасць і вядуць жыццё адпаведнае да даручанай місіі. “Супрацоўнік міласэрнасці” спачатку павінен сам атрымаць досвед міласэрнай любові.

Пантыфік падкрэсліў, што святар падчас сакрамэнту пакаяння павінен адштурхоўвацца ад таго, што раней Пан паставіўся з міласэрнасцю да яго. Папа назваў гэта ключом да супрацоўніцтва з Богам. Распарадчык сакрамэнту не можа ўзвышацца над іншым і ўспрымаць сябе ў якасці суддзі ў адносінах да брата грэшніка.

Францішак нагадаў, што пакаянне і паяднанне не з’яўляюцца выключна ўласнай прыватнай ініцыятывай чалавека ці вынікам яго асабістых абавязацельстваў. Калі б так было, мы б трапілі ў адну з форм нэа-пелагіянства, якое пераацэньвае чалавека і яго праекты, забываючыся аб тым, што Збаўцам ёсць Бог, а не мы. Тым часам, першая ініцыятыва зыходзіць ад Пана, Які папярэднічае нам ў любові, і асаблівым чынам гэта выяўляецца ў сакрамэнце пакаяння.

Ужо калі толькі чалавек падыходзіць да канфесіяналу, святар павінен адчуць, што гэта першы плён сустрэчы з Божай любоўю, якая адкрыла шлях да навяртання. “Наша святарскае сэрца павінна адчуць цуд чалавека, які сустрэў Бога і які ўжо нясе ў сабе плённасць Яго ласкі. Не можа быць ніякага сапраўднага пакаяння, калі яно не пачалося з ласкі сустрэчы з Богам, якая папярэднічае сустрэчы з намі, спаведнікамі”, - адзначыў Папа. “Наша задача – не парушыць дзеянне Божай ласкі”, - дадаў ён, наадварот, трэба падтрымліваць яе і дазволіць ёй асягнуць поўню. 

Пантыфік з жалем узгадаў выпадкі, калі святары сваімі паводзінамі падчас споведзі знеахвочваюць пэнітэнтаў. Ён заклікаў спаведнікоў не “весці расследаванне” там, куды ўжо ўмяшалася Божая ласка, “не парушаць святую прастору чалавека ў яго адносінах з Богам”. Святар павінен заахвочваць таго, хто раскаяўся глядзець у будучыню новымі вачыма, бо “прабачэнне і міласэрнасць дазваляюць нам зірнуць на жыццё па-новаму, з даверам і прыхільнасцю”, сказаў Францішак.

Спаведнікі пакліканы падтрымаць тых, хто падыходзіць да канфесіяналу, даць ім сілы верыць і жыць надзеяй. Касцёл вітае ўсіх і заўсёды, падтрымлівае тых, хто мае патрэбу і перажывае цяжкасці, і Місіянеры Міласэрнасці пакліканы быць пераказчыкамі і сведкамі такога стаўлення, падсумаваў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.