2018-04-09 10:09:00

Францішак: калі не адчуваем сораму – гэта трагедыя


“Калі прыступаем да споведзі здараецца нечуванае: мы заўважаем, што менавіта грэх, які трымаў нас на аддаленасці ад Пана, становіцца месцам нашай сустрэчы з Ім”, - адзначыў Францішак падчас св. Імшы ў Нядзелю Божай Міласэрнасці, якую ўзначаліў 8 красавіка 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак, які чытаўся падчас літургіі (Ян 20, 19-31), Папа заўважыў, што тут шматразова паўтараецца слова “бачыць”. Вучні радаваліся таму, што ўбачылі Пана. Евангелле, аднак, не апісвае, якім яны ўбачылі Яго, звяртаючы ўвагу толькі на тое, што Хрыстус паказаў ім свае раны. Святое Пісанне нібыта хоча сказаць, што вучні распазналі Езуса менавіта праз Ягоныя раны. Тое самае адбылося з Тамашам: ён таксама жадаў бачыць раны ад цвікоў на Ягоных руках, а калі ўбачыў – паверыў.

Паводле Францішка, нягледзячы на нявер’е Тамаша, трэба падзякаваць яму, бо ён не задаволіўся толькі тым, каб пачуць ад іншых, што Езус жывы, не задаволіўся тым, каб дакрануцца да Ягонага цела, але прагнуў зазірнуць унутр, датыкнуцца рукой да Ягоных ран, знакаў Ягонай любові.

У паставе Тамаша кожны сучасны вернік можа ўбачыць самога сябе, мяркуе Францішак. “Таксама і нам не дастаткова ведаць, што Бог ёсць: наша жыццё не напоўніць Бог, Які ўваскрос, але застаецца далёка; нас не прывабіць Бог, Які трымаецца на дыстанцыі, якім бы справядлівым і святым Ён ні быў. Не! Таксама і мы маем патрэбу ў тым, каб убачыць Бога, дакрануцца рукой да таго, Хто дзеля нас уваскрос”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што гледзячы на раны Хрыста вучні разумелі, што Ён палюбіў іх не на жарт і прабачаў іх, нягледзячы на тое, што сярод іх быў той, хто ад Яго адрокся і хто Яго пакінуў. На думку Папы, важна ўвайсці ў раны Хрыста і зразумець, што Яго сэрца б’ецца за кожнага з нас.

“Дарагія браты і сёстры, мы можам лічыць і называць сябе хрысціянамі, казаць пра шматлікія каштоўнасці веры, але як вучні, мы маем патрэбу ў тым, каб убачыць Езуса, дакранаючыся да Ягонай любові. Толькі так мы дасягнем сэрца веры, і як вучні, знойдзем супакой і радасць, большыя за любы сумніў”, - падкрэсліў Пантыфік.

Ён заўважыў, што, убачыўшы раны Езуса, Тамаш усклікнуў: “Пан мой і Бог мой!”. Называючы Бога “сваім” мы не блюзнерым супраць Яго, але аддаем даніну пашаны Ягонай міласэрнасці, таму што Ён сам пажадаў стаць “нашым”. Гэта падобна на гісторыю любові, у якой кажам: “Ты стаў чалавекам дзеля мяне, памёр і уваскрос дзеля мяне і таму з’яўляешся не толькі Богам, але маім Богам, маім жыццём. У Цябе я знайшоў любоў, якую шукаў і яшчэ нашмат больш, чым мог сабе ўявіць”, - дадаў Францішак.

Паводле яго слоў, для Бога не абразліва быць “нашым”, бо любоў і міласэрнасць патрабуюць даверу. “Уваходзячы сёння праз раны ў таямніцу Бога, мы разумеем, што міласэрнасць – гэта не проста адна з якасцяў, але пульс Ягонага сэрца, - адзначыў Святы Айцец.

Як адчуць смак гэтай любові і дакрануцца рукой да міласэрнасці Езуса падказвае Евангелле, калі падкрэслівае, што ў вечар Пасхі, гэта значыць адразу пасля ўваскрасення, Езус, у першую чаргу, спаслаў дар Духа, каб прабачыць грахі. 

Каб сустрэць любоў трэба прайсці праз гэта: дазволіць, каб нас прабачылі. Але ісці да канфесіяналу здаецца складанай справай... Перад Божым абліччам мы паддаемся спакусе таго, каб паводзіць сябе яе евангельскія вучні: схавацца за зачыненымі дзвярыма. Мы, як і яны, хаваемся па прычыне страху, маем сорам, каб адкрыцца і назваць па імені свае грахі, заўважыў Папа.  

Паводле Святога, калі адчуваем сорам, мы павінны быць удзячнымі: гэта пачуцце азначае, што мы не прымаем зло і гэта добра. “Сорам – гэта таямнічы заклік душы, якая патрабуе, каб Пан перамог зло. Трагедыя – гэта калі мы не саромемся больш нічога. Не будзем жа баяцца пачуцця сораму! Пройдзем шляхам ад сораму да прабачэння!”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што сапраўднай зачыненай брамай перад прабачэннем з’яўляецца роспач, калі думаем, што нічога не зменіцца і адмаўляемся ад міласэрнасці Бога. Іншая зачыненая брама – гэта грэх, які, аднак, зачынены толькі з нашага боку – для Бога гэтая брама ніколі не з’яўляецца непераадольнай. 

“Як вучыць Евангелле, Богу падабаецца ўваходзіць менавіта праз зачыненыя дзверы і там, унутры, чыніць цуды. Ён ніколі не жадае аддаляцца ад нас, гэта мы пакідаем Яго вонкі. Але калі прыступаем да споведзі здараецца нечуванае: мы бачым, што менавіта грэх, які трымаў нас на аддаленасці ад Пана, становіцца месцам сустрэчы з Ім. У ім Бог, паранены любоўю, выходзіць насустрач нашым ранам і робіць нашыя мізэрныя раны падобнымі да сваіх хвалебных ран. Бо ён – міласэрнасць і чыніць цуды з нашай мізэрнасцю”, - сказаў на заканчэнне сваёй гаміліі Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.