2018-04-07 12:58:00

Святы Айцец: шмат бедных прагне Бога


“Вялізарнае мноства бедных адкрытыя на веру, маюць патрэбу ў Богу, таму недахоп духоўнай увагі да іх з’яўляецца найгоршай дыскрымінацыяй”, - адзначыў Францішак падчас аўдыенцыі для групы святароў з Таварыства Прада (Société du Prado) – каталіцкага руха, які аб’ядноўвае духоўных асоб і свецкіх вернікаў, заснаванага ў 1856 г. у французскім Ліёне бл. Антуанам Шэўрэ. 

Святы Айцец прыняў іх 7 красавіка 2018 г. у ватыканскім Апостальскім палацы. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што першасная ўвага да бедных павінна галоўным чынам адлюстравацца ў прывелеяванай і прыярытэтнай рэлігійнай увазе да іх.

Паводле слоў Папы, вельмі часта людзі, якія пакутуюць ад розных форм беднасці, з’яўляюцца далёкімі ад Касцёла і цалкам ігнаруюць радасць і суцяшэнне, якія нясе Евангелле. Такім чынам, поле для дзейнасці сярод іх – вялікае, а Маці-Касцёл цешыцца, што можа разлічваць у гэтай справе на падтрымку вучняў бл. Антуана Шэўрэ, сказаў Пантыфік сваім гасцям.

Францішак нагадаў, што заснавальнік Таварыства Прада, будучы глыбока ўзрушаным мізэрным станам бедных людзей сваёй эпохі, вырашыў стаць блізкім да іх, каб яны мелі магчымасць пазнаць і палюбіць Езуса Хрыста. З ягонага досведу нарадзілася “цудоўная сям’я святароў, законніц і свецкіх кансэкраваных жанчын”, напоўненых “той жа любоўю Езуса, Які стаў бедным дзеля бедных, і тым жа евангелізацыйным запалам”, сказаў Папа і заклікаў сваіх гасцей працягваць наследаваць гэты прыклад.

Таварыства Прада атрымала сваю назву ад бальнай залы ў Ліёне, якую ў 1860 г. выкупіў бл. Антуан Шэўрэ, і дзе зрабіў сядзібу сваёй супольнасці. Першапачаткова члены асацыяцыі займаліся катэхізацыяй у рабочых раёнах французскіх гарадоў. На сённяшні дзень Таварыства дзейнічае ў 40 краінах свету, а яго галоўнай місіяй дагэтуль застаецца праца ў самых бедных парафіях і сярод самых маргіналізаваных членаў грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.