2018-03-29 13:48:00

Папа і галоўны рабін Рыма абмяняліся віншаваннямі з Пасхай


Святы Айцец Францішак і галоўны рабін Рыма Рыкарда Дзі Сэньі абмяняліся віншаваннямі з нагоды надыходзячых пасхальных святаў, святкаванне якіх сёлета супадае ў хрысціян і юдэяў. 

“З набліжэннем свята Песах жадаю скіраваць самыя сардэчныя і братэрскія віншаванні Вам і ўсёй рымскай яўрэйскай супольнасці. Няхай Усемагутны, у сваёй добразычлівасці, благаславіць і суправаджае шлях умілаванага яўрэйскага народа. Запэўніваючы ў маім успаміне, прашу маліцца за мяне. Няхай Найвышэйшы дазволіць нам усё больш узрастаць у сяброўстве і супольна быць сведкамі міра і згоды”, - напісаў Папа.

Галоўны рабін Рыма, у сваю чаргу, павіншаваў Святога Айца з надыходзячымі пасхальнымі святамі, жадаючы супакою, радасці і міра.

Свята Песах, якое яшчэ называюць Яўрэйскай Пасхай, з’яўляецца ўспамінам аб выйсці яўрэйскага народа з егіпецкай няволі. Яно святкуецца на працягу сямі дзён у Ізраілі і на працягу васьмі, за межамі гэтай краіны. Сёлета вызнаўцы юдаізма будуць адзначаць гэта свята з 30 сакавіка па 6 і 7 красавіка адпаведна. 








All the contents on this site are copyrighted ©.