2018-03-10 12:28:00

Ватыкан: дэвізы і лагатыпы візіту Пантыфіка ў краіны Балтыі


У Ватыкане прадставілі дэвізы і лагатыпы візіту Святога Айца ў Літве, Латвіі і Эстоніі 22-25 верасня 2018 г. 

Дэвізам літоўскага этапу папскага падарожжа будуць словы з Першага паслання св. Паўла да Цімафея (1,1) – “Езус Хрыстус – наша надзея”. Асноўныя элементы лагатыпа: крыж і сімволіка Святога Духа. Ён нагадвае велікодны штандар і спасылаецца на пакуты, перажытыя за свабоду і веру літоўскага народа.

Дэвізам візіту Францішка ў Латвіі сталі словы з папулярнага старажытнага літургічнага гімну “Ave Maris Stella”: „Monstra te esse Matrem”. Яны спасылаюцца на Апякунку Латвіі – Маці Божую Аглонскую, а таксама на прысвячэнне папам Інакенціем III на Чацвёртым Латэранскім Саборы ў 1215 г. Эстоніі і Лівоніі Панне Марыі. 

Лагатып падарожжа Святога Айца ў Эстонію ўключае дату – 25 верасня 2018 г. і словы “Mu süda, ärka üles” з эстонскай рэлігійнай песні “Прачніся, маё сэрца”. Сімвалічна паказаны контуры краіны, упрыгожаныя жоўтым і белым колерамі. У лагатыпе таксама змешчаны партрэт Францішка.

Арцыбіскуп Вільнюсскі Гінтарас Грушас з вялікай радасцю ўспрыняў навіну аб папскім візіце ў Літву. Ён адзначыў, што “Святы Айцец умацуе веру і падорыць надзею ўсім краінам, якія наведвае”. Іерарх нагадаў, што візіт Яна Паўла II у Літву 25 гадоў таму ўмацаваў народ, які выходзіў з эпохі “савецкай акупацыі і пачынаў жыць у свабодзе”. “Сёння мы чакаем Францішка, каб прыбыў і ўмацаваў нас у імкненні жыць сапраўды па-хрысціянску перад абліччам праблем сучаснага свету”, - сказаў арцыбіскуп.

Візіт Францішка стане вялікім Божым благаслаўленнем для латышскага народа, - так пракаментаваў навіну аб папскім візіце арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч. Ён адзначыў, што краіны Балтыі былі абраныя сярод многіх, якія запрашалі Пантыфіка. На яго думку, праз 25 гадоў пасля візіту Яна Паўла ІІ, Францішак прыбудзе ўмацаваць латышскі народ “на шляху складаных пераўтварэнняў”. “Я перакананы, што Латвіі даручана адмысловая місіі ў Божых планах”, - сказаў іерарх.

22-25 верасня 2018 г. Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў краіны Балтыі. У Літве ён наведае Вільнюс і Каўнас, у Латвіі – Рыгу і Аглону, у Эстоніі – Талін. Дакладная праграма візіту будзе апублікавана пазней.








All the contents on this site are copyrighted ©.