2018-03-09 15:22:00

Францішак даў парады маладым спаведнікам


Cпаведнікі павінны быць сведкамі міласэрнасці, уважліва слухаць і абуджаць глыбокія пытанні, дапамагаць распазнаваць Божую волю ў жыцці і пакутаваць разам з братамі за грахі, адзначыў Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі фармацыйных курсаў для маладых святароў і дыяканаў, арганізаваных Апостальскай Пэнітэнцыярыяй. Аўдыенцыя адбылася 9 сакавіка 2018 г. у Ватыкане.

У прамове Святы Айцец падзяліўся разважаннямі на тэму форуму, прысвечанага адносінам паміж сакрамэнтальнай споведдзю і распазнаннем паклікання ў святле маючага адбыцца ў кастрычніку Сінода Біскупаў.

Папа заўважыў, што спаведнікі не з’яўляюцца ўласнікамі міласэрнасці, а толькі яе прыладамі. “Святар, які спавядае, не з’яўляецца ні крыніцай міласэрнасці, ні ласкі. Канешне, ён з’яўляецца яе прыладай і заўсёды толькі прыладай”, - падкрэсліў Францішак і дадаў, што пакліканне спаведнікоў рэалізуецца, калі падчас споведзі ўсё больш “знікае святар” і ўсё ясней “праяўляецца Хрыстус, Найвышэйшы і Вечны Святар”.

Францішак адзначыў важнасць здольнасці “слухаць пытанні, перш чым даваць адказы”. Спаведнік пакліканы быць чалавекам, які слухае: як пэнітэнта, так і Святога Духа. “Па-сапраўднаму слухаючы брата падчас сакрамэнтальнай размовы, мы слухаем самога Езуса, беднага і пакорнага; слухаючы Святога, Духа мы прымаем паставу ўважлівай паслухмянасці, становімся слухачамі Слова і такім чынам аказваем найвялікшую паслугу нашым маладым пэнітэнтам – уводзім іх у кантакт з самім Езусам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што спаведнік можа таксама станавіцца духоўным кіраўніком для моладзі, калі яна гэтага пажадае, але ніколі не навязваючы сябе. У гэтым кантэксце вельмі важна дапамагаць юнакам і дзяўчатам у распазнанні паклікання – чытанні знакаў, якія Бог ставіць у жыцці моладзі, праз яе якасці і асабістыя схільнасці, праз сустрэчы і малітву – працяглую малітву, у якой з прастатой паўтараюцца словы Самуэля: “Кажы Пане, бо слухае слуга Твой”.

Паводле Папы, размова падчас сакрамэнтальнай споведзі можа стаць прывелеяванай нагодай для сустрэчы, каб пэнітэнт і спаведнік імкнуліся разам распазнаць Божую волю, незалежна ад формы паклікання. “Сапраўды, пакліканне не адпавядае, ніколі не можа адпавядаць пэўнай форме! Гэта было б фармалізмам! Пакліканне – гэта адносіны з самім Езусам, адносіны жыватворчыя і неад’емныя”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што спаведніка можна назваць “урачом і суддзёй”, “пастырам і бацькам”, “настаўнікам і выхавацелем”. Але, перш за ўсё, ён пакліканы быць сведкам. “Сведкам у сэнсе “мучанікам”, пакліканым пакутаваць за грахі разам з братамі, як Пан Езус; і затым сведкам міласэрнасці, гэтага сэрца Евангелля, якім з’яўляюцца абдымкі Айцом блуднага сына, што вярнуўся дамоў. Спаведнік-сведка робіць больш плённым досвед міласэрнасці, расчыняючы перад вернікамі новы і вялікі гарызонт, які толькі Бог можа даць чалавеку”, - адзначыў на заканчэнне сваёй прамовы Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.