2018-03-08 11:24:00

IT-спецыялісты з пяці кантынентаў сабраліся ў Ватыкане


Праграмісты з пяці кантынентаў сабраліся на першым ватыканскім хакатоне – форуме спецыялістаў у галіне распрацоўкі праграмнага забеспячэння. У сустрэчы, якая праходзіць 8-11 сакавіка 2018 г., прымаюць удзел 120 студэнтаў і 35 выкладчыкаў розных веравызнанняў з 50 універсітэтаў свету. 

Удзельнікі падзеі будуць займацца пошукам магчымасцяў для ўключэння тэхналогій у вырашэнне глабальных праблем, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі для Святога Айца. Гаворка ідзе пра сацыяльную інтэграцыю і салідарнасць паміж людзьмі, міжрэлігійны дыялог, дапамогу мігрантам і бежанцам. Хакатон завершыцца ўручэннем узнагарод за самы інавацыйны праект, у якім будуць спалучаны тэхналогіі і чалавечыя каштоўнасці.

Ватыканскі форум праграмістаў павінен паспрыяць супрацоўніцтву паміж маладымі лідэрамі, якія паходзяць з розных акадэмічных колаў і належаць да розных нацыянальнасцяў і рэлігій, а таксама падтрымаць структуры, якія фарміруюць каштоўнасці, у выкарыстанні тэхналогій у сваёй місіі.

Арганізатарамі выступілі Міжнародная аналітычная сетка “OPTIC”, якая займаецца вывучэннем сучасных тэхналогій у святле хрысціянскай этыкі і антрапалогіі, і Сакратарыят па камунікацыі Апостальскай Сталіцы. Партнёры хакатона: Гарвардскі ўніверсітэт і Масачусэцкі тэхналагічны інстытут, а таксама некалькі буйных тэхналагічных кампаній, сярод якіх “Google” і “Microsoft”.

Тэрмін “хакатон” утварыўся ад спалучэння двух слоў: хакер і марафон. Сёння хакатоны ўжо не адносяцца да хакерства, а з’яўляюцца “марафонам праграмістаў”, якія на працягу пэўнага часу супольна працуюць над вырашэннем акрэсленай праблемы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.