2018-03-03 15:15:00

Пантыфік нагадаў пра неабходнасць “медыцыны пяшчоты”


Пантыфік сустрэўся 3 сакавіка 2018 г. у Ватыкане з удзельнікамі першага кангрэса работнікаў санітарна-гігіенічнай сферы. Яго арганізавала найбуйнейшая ў Італіі прафесійная асацыяцыя – Федэрацыя прафесійных медсясцёр і медбратоў, медыцынскіх асістэнтаў, дзіцячых апекуноў, – у склад якой уваходзіць 450 тыс. асоб.

Францішак адзначыў незаменны ўклад медсясцёр і медбратоў у клопат пра хворых: яны маюць непасрэдны кантакт з пацыентам і адчуваюць як ніхто іншы іх патрэбы. Менавіта дабрыня “з’яўляецца асноўным элементам у працэсе лячэння і выздараўлення”, заўважыў ён.

Папа нагадаў пра асноўныя задачы медыцынскай прафесіі: ўмацаванне здароўя, прафілактыка захворванняў, аднаўлення здароўя і палягчэнне пакут. Прафілактычны і лячэбны, рэабілітацыйны і паліятыўны характар працы медперсаналу патрабуе высокага прафесіяналізму. Ён праяўляецца, аднак, не толькі на тэхнічным узроўні, але і, магчыма, нават больш у сферы чалавечых адносін. Хворыя патрабуюць увагі, кампетэнтнасці і суцяшэння. Сёння неабходны сінтэз “тэхнічных магчымасцяў і чалавечай адчувальнасці”, перакананы Францішак.

Паколькі праца медсясцёр і медбратоў звязана з пастаянным слуханнем пацыента, высілкам праніклівасці і ўвагі да канкрэтнай асобы, яе можна назваць рэальнай місіяй, а асоб гэтай прафесіі – “экспертамі ў чалавечнасці”. Яны выконваюць незаменную задачу “гуманізацыі ў безуважлівым грамадстве”, якое часта выкідвае на ўзбочыну самых слабых, толька таму, што яны не адпавядаюць сучасным крытэрыям эфектыўнасці або выгады, заўважыў Папа.

Медыцынскі работнік, знаходзячыся ў штодзённым кантакце з пацыентамі, ператвараецца ў сапраднага “энтузіяста жыцця і годнасці чалавека”. Ён умее прызнаваць абмежаванасць тэхнікі, якая ніколі не можа адыгрываць абсалютнай ролі і засланяць чалавечую годнасць. Францішак заклікаў медработнікаў да ўважлівасці адносна духоўнасці і рэлігійнасці пацыентаў, што складае для многіх істотны элемент сэнсу і спакою жыцця.

Для Касцёла, нагадаў Пантыфік, хворыя, гэта асобы, у якіх Езус прысутнічае асаблівым чынам. На працягу ўсяго свайго служэння Збаўца быў блізкі да хворых, атуляў дабрынёй і многіх вылечыў, рабіў простыя жэсты пяшчоты. Аздараўленне, якое дае Езус, не толькі фізічнае; яно дасягае сэрца, таму што хворы не толькі вылечваецца, але і адчувае, што яго любяць. Святы Айцец заклікаў медработнікаў не забывацца пра неабходнасць “медыцыны пяшчоты”. Ён нагадаў, як Езус дакранаўся да евангельскага пракажонага: неабыякава і без раздражнёнасці, клапатліва і з любоўю. Такі кантакт, усталяваны з пацыентамі, прыводзіць іх да адчування блізкасці Бога Айца, Яго пяшчоты да кожнага са сваіх сыноў. Пяшчота – гэта “ключ” да разумення хворага і каштоўны лек для яго вылячэння, падкрэсліў Папа. Ён запрасіў прысутных на сустрэчы практыкаваць “братэрскі стыль” у адносінах да пацыентаў і асцерагацца эмацыйнага і прафесійнага выгарання. 

Францішак звярнуўся і да пацыентаў. Ён заклікаў іх ніколі не прымаць як належнае тое, што атрымліваюць ад медыцынскіх работнікаў: не толькі чакаць усмешкі ад іх, але і прапанаваць яе, адносіцца да іх з пачуццём павагі і ўдзячнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.