2018-03-02 12:54:00

Ватыканскі дыпламат: карупцыя – рак для грамадстваў


Карупцыя з’яўляецца ракам, які ўсё больш і больш паражае грамадскае жыццё. Яна блакуе развіццё самых бедных краін, а ў развітых грамадствах разбурае міжчалавечыя адносіны. На гэта звярнуў увагу ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё былы назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Ён нагадаў, што барацьба з карупцыяй з’яўляецца адной з найбольш важных сацыяльных праблем у свеце.

Папскі дыпламат адзначыў, што ў маладым пакаленні трэба тэрмінова выхоўваць сумленнасць і развіваць у грамадскай думцы адчувальнасць да неабходнасці захавання закону і грамадскага парадку.

“Канвенцыі супраць карупцыі маюць як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, так і Арганізацыя Афрыканскіх Дзяржаў, што паказвае на спробы стварыць адпаведныя законы, але гэты рак пастаянна грызе нашу рэальнасць. І адбываецца гэта таму, што – як кажа Францішак – амаральнасць або карупцыя нараджаецца ў чалавечым сэрцы. Таму мы павінны трансфармаваць нашу сацыяльную культуру і паставіць яе на рэальныя адносіны, заснаваныя на даверы, а не на карупцыі”, - растлумачыў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што гэта з’ява нараджаецца ад любові да ўлады і грошай. “Яны штурхаюць нас на несумленны шлях і робяць так, што мы пачынаем выкарыстоўваць несумленныя інструменты. Тут корань карупцыі, якая блакуе развіццё бедных краін. Карупцыя падрывае таксама галіны здаровага, мірнага і канструктыўнага грамадскага жыцця”, - лічыць аўтарытэтны іерарх.

Арцыбіскуп Тамазі адзначыў той факт, што ў грамадскім жыцці тэрмінова патрэбны напамін пра важнасць сумлення, забытага палітычнай элітай. “Гэта яно паказвае нам дрэнныя і амаральныя сацыяльныя механізмы, якія некаторыя спрабуюць прадставіць як праўдзівыя і каштоўныя”, - сказаў ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.