2018-02-28 12:18:00

Святы Айцец: Бог просіць нямногае, але дае шмат


У хлебе і віне мы прыносім ахвяру нашага жыцця, каб ператварыцца з дапамогай Святога Духа ў ахвяру Хрыста і стаць адной з Ім духоўнай ахвярай, якая падабаецца Богу, адзначыў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, што прайшла 28 лютага 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Працягваючы цыкл катэхез аб структуры св. Імшы, ён засяродзіўся на першых элементах Эўхарыстычнай літургіі – прыгатаванні дароў і малітве над дарамі.

Папа нагадаў, што ў Эўхарыстыі Касцёл робіць пастаянна прысутнай Ахвяру, якую Хрыстус прынёс на алтары крыжа. “Крыж стаў першым хрысціянскім алтаром, і калі набліжаемся да алтара, каб цэлебраваць св. Імшу, нашы ўспаміны сягаюць да алтара крыжа, на якім была здзейснена першая Ахвяра. Святар, які падчас св. Імшы ўвасабляе Хрыста, спаўняе тое, што ўчыніў сам Пан і што даручыў спаўняць вучням падчас Апошняй Вячэры: узяў хлеб і келіх, падзякаваў, даў сваім вучням, кажучы: “Бярыце, ешце, піце; гэта – Цела Маё; гэта – келіх Крыві Маёй. Гэта чыніце на маю памяць”, - нагадаў Пантыфік.

Спасылаючыся на Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, Францішак заўважыў, што Касцёл так упарадкаваў цэлебрацыю эўхарыстычнай літургіі, каб яе часткі адпавядалі словам і дзеянням, якія Хрыстус рэалізаваў напярэдадні мукі. Падчас прыгатавання дароў на алтар прыносяцца хлеб і віно, тыя элементы, якія ўзяў у свае рукі Хрыстус. Падчас Эўхарыстычнай малітвы аддаецца падзяка Богу за ўсю справу збаўлення, а прынесеныя дары становяцца Целам і Крывёю Хрыста. Затым ідуць ламанне хлеба і абрад камуніі, праз якія ажыўляецца досвед апосталаў, што атрымалі эўхарыстычныя дары з рук Хрыста. 

Паводле Францішка, добра, калі хлеб і віно прыносяць святару самі вернікі, але. “Такім чынам, у знаках хлеба і віна, верны народ складае сваю ўласную ахвяру ў рукі святара, які змяшчае яе на алтары ці стале Пана, што з’яўляецца цэнтрам усёй Эўхарыстычнай літургіі. Гэта значыць, што цэнтрам св. Імшы з’яўляецца алтар, алтар Хрыстовы. Трэба заўсёды глядзець на алтар – цэнтральнае месца св. Імшы. У “пладах зямлі і працы рук людскіх” прыносіцца ў ахвяру гатоўнасць вернікаў станавіцца паслухмянымі Божаму слову, “ахвяра, якая падабаецца Богу Айцу Усемагутнаму”, “на карысць нам і ўсяму Касцёлу святому”. Такім чынам, “жыццё вернікаў, іх пакуты, малітва і праца, злучаныя з жыццём, праслаўленнем, пакутамі, малітвай і працай Хрыста і з Яго поўнай ахвярай, набываюць новую вартасць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што наша ахвяра Хрысту з’яўляецца хоць малой, але вельмі патрэбнай. “Пан просіць нямногае, але дае шмат. Ён просіць ад нас не надта многа: добрай волі ў штодзённым жыцці, просіць аб адкрытым сэрцы, просіць аб жаданні станавіцца лепшымі, а каб даць нам сябе ў Эўхарыстыі, Ён просіць аб гэтых сімвалічных ахвярах, якія потым становяцца Яго Целам і Крывёю”, - падкрэсліў Францішак.

На заканчэнне катэхезы Пантыфік пажадаў, каб “духоўнасць дару з сябе магла асвяціць нашыя дні, адносіны з іншымі людзьмі, тое, што робім, пакуты, з якімі сустракаемся”, дапамагаючы будаваць жыццё на зямлі “ў святле Евангелля”.








All the contents on this site are copyrighted ©.