2018-02-26 14:01:00

У Ватыкане праходзіць пасяджэнне Рады кардыналаў


Першае ў гэтым годзе пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам пачалося 26 лютага 2018 г. ў Ватыкане. Гаворка ідзе пра ўжо 23-ю нараду гэтай кансультатыўнай групы пры Пантыфіку. Яна будзе доўжыцца тры дні. На заканчэнне чакаецца спецыяльнае паведамленне Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Папярэдняе пасяджэнне, якое праходзіла ў снежні, галоўным чынам было прысвечана разгляду Рымскай курыі, як прылады евангелізацыі і служэння Папе і мясцовым Касцёлам. Падчас яго гаворка ішла аб сітуацыі, якая тычыцца шэрагу ватыканскіх дыкастэрый, у прыватнасці, папскія дарадчыкі дэтальна пазнаёміліся з ажыцяўленнем рэформы ватыканскіх СМІ.

Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам была заснавана 28 верасня 2013 г. Першапачаткова ў яе склад уваходзілі восем пурпуратаў з розных рэгіёнаў свету. Пазней у яе працу ўключыўся бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. У пасяджэннях гэтага дарадчага органа звычайна прымае ўдзел і сам Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.