2018-02-26 13:22:00

Святы Айцец наведаў парафію на ўскраіне Рыма


Езус не пакідае нас у адзіноце перад абліччам выпрабаванняў, падкрэсліў Францішак падчас пастырскага візіта ў рымскую парафію св. Геласія І, папы, якая знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Вечнага горада. Пантыфік наведаў яе ў другой палове дня 25 лютага 2018 г. Гэта быў яго шаснаццаты візіт у парафію Рымскай дыяцэзіі.

Папа прыбыў на аўтамабіле і нягледзячы на моцны дождж доўга вітаў сабраных перад касцёлам вернікаў, паціскаючы ім рукі, падбадзёрваючы словам і не адмаўляючыся ад ужо стаўшых прывычнымі “сэлфі”, якія людзі хацелі зрабіць з Наступнікам св. Пятра.

Затым Пантыфік правёў шэраг сустрэч: з парафіяльнай моладдзю і дзецьмі, хворымі і пажылымі асобамі, беднымі і валанцёрамі мясцовага аддзялення дабрачыннай арганізацыі “Caritas”. Францішак паразмаўляў з дзюма маладымі мігрантамі з Габона, аб якіх клапоціцца парафія, а таксама паспавядаў некалькі вернікаў.

У рамках візіту адбылася прыватная сустрэча Папы з бацькамі васьмігадовай Джуліі Рынальна – маленькай верніцы, гісторыя якой некалькі гадоў таму скалыхнула ўсю Італію. Яна загінула падчас землятрусу ў цэнтральнай частцы краіны ў жніўні 2016 г. закрыўшы сваім целам – і такім чынам выратаваўшы, – сваю шасцігадовую сястрычку.

Падчас св. Імшы, Францішак прамовіў кароткую гамілію, у якой заклікаў вернікаў шукаць блізкасці з Хрыстом заўсёды, асабліва ў хвіліны выпрабаванняў, бо толькі ў лучнасці з Панам можна зразумець іх значэнне. “У добрыя і кепскія моманты, будзем заўсёды спыняцца і слухаць Езуса. Ён скажа нам, што рабіць”, - запэўніў Святы Айцец.

Перад тым як вярнуцца ў Ватыкан Францішак яшчэ на некалькі хвілін затрымаўся перад парафіяльным касцёлам, размаўляючы з вернікамі, якія не змаглі патрапіць унутр святыні. Ён падзякаваў ім за цярплівасць і пажадаў: “Будзем маліцца адзін за аднаго, за сем’і парафіі, за святароў, за тых, хто працуе тут, за веруючых, а таксама за тых, хто не верыць”. “І прашу вас: не забывайце маліцца за мяне”, - папрасіў на заканчэнне свайго візіту Папа.  








All the contents on this site are copyrighted ©.