2018-02-25 15:45:00

Пантыфік: перамяненне Езуса – прадвяшчэнне Пасхі


Да “ўваходу на гару“ падчас Вялікага посту, каб там разам з Езусам станавіцца больш уважлівымі да голасу Бога і дазволіць ахапіць і перамяніць сябе Духам Святым, заклікаў папа Францішак 25 лютага 2018 г. перад малітвай “Анёл Панскі”. Яна прайшла на галоўнай ватыканскай плошчы. “Сённяшняе Евангелле, у другую нядзелю Вялікага посту, прапануе нам сузіраць Перамяненне Пана (Мк 9, 2-10). Гэты эпізод звязаны з тым, што здарылася шэсць дзён раней, калі Езус сказаў сваім вучням, што ў Ерусаліме Сыну Чалавечаму прыйдзецца “шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць (Мк 8,31). Гэтая заява спрычыніла крызіс для Пятра і цэлай групы вучняў, якія адкідалі ідэю, што Езус будзе не прызнаны кіраўнікамі народу і затым будзе забіты. Яны на самой справе чакалі магутнага, сільнага і ўладарнага Месію, а Хрыстус прадстаўляе сябе як паслухмянага, як добразычлівага і сціплага слугу Бога і людзей, які аддасць сваё жыццё ў ахвяру, ідучы па шляху пераследавання, пакут і смерці. Але як магчыма ісці за Настаўнікам і Месіяй, якога зямное жыццё завершыцца такім чынам? Так думалі яны. Адказ прыходзіць менавіта праз перамяненне. Чым з'яўляецца перамяненне Езуса? Гэта прадказанне Яго пасхальнага  з'яўлення.

Езус узяў з сабой трох вучняў: Пятра, Якуба і Яна, “павёў іх адных на высокую гару” (Мк 9,2). Там на хвілінку паказвае ім сваю славу, славу Сына Божага. Гэта падзея Перамянення дазваляе вучням сутыкнуцца з мукай Езуса ў станоўчы спосаб, не будучы усхваляванымі.  Яго ўбачылі,  якім стане пасля мукі: будзе праслаўлены. Так Езус падрыхтоўвае іх да выпрабавання. Перамяненне дапамагае вучням, і таксама нам, зразумець тое, што мука Хрыста – гэта таямніца цярпення, але перш за ўсё – гэта дар бязмежнай любові з боку Езуса. Падзея з Езусам, якая здзяйсняецца на гары, дапамагае нам лепш зразумець таксама Яго ўваскрасенне. Каб зразумець таямніцу крыжа, загаддзя трэба зразумець тое, што Той, хто пакутуе і праслаўляецца - гэта не толькі чалавек, але Сын Божы, Які са сваёй вернай любоўю аж да смерці - нас збавіў. Нябесны Айцец абнаўляе, такім чынам, сваю месіянскую дэкларацыю пра Сына, ужо аб'яўленую на беразе Ярдана пасля хросту, з заклікам: “Яго слухайце” (Мк 9, 7). Вучні пакліканы ісці за Настаўнікам з даверам і надзеяй, нягледзячы на ​​яго смерць. Боскасць Езуса павінна аб'явіцца менавіта на крыжы, у яго смерці “у такі спосаб”, што евангеліст Марк кладзе тут у вусны сотніка: гэта вызнанне веры: “ Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым” ( Мк 15, 39).

А зараз звернемся ў малітве да Панны Марыі, чалавечай істоты, якая была ўнутрана пераменена ласкай Хрыста. Мы маем давер да Яе матчынай дапамогі, каб працягваць з верай і велікадушнасцю шлях Вялікага посту”, - сказаў Святы Айцец. 

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, і папрасіў іх аб малітве за яго. 

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.