2018-02-23 13:19:00

Дзень посту і малітвы за мір праходзіць у Касцёле


Па ініцыятыве папы Францішка 23 лютага 2018 г. у Каталіцкім Касцёле праходзіць Дзень посту і малітвы за мір. “Наш Нябесны Айцец заўсёды чуе сваіх дзяцей, якія ўсклікаюць да Яго ў пакутах”, - падкрэсліў ён у сваім профілі ў сацыяльнай сетцы “Твітэр”. У гэты дзень Пантыфік заклікаў асаблівым чынам звярнуць увагу на Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан. 

На заклік Святога Айца адгукнуліся шматлікія каталіцкія рухі, асацыяцыі, манаскія супольнасці. Далучыцца да Дня малітвы і посту за мір заахвоцілі вернікаў лідэры шэрагу Праваслаўных Цэркваў, Сусветнай лютэранскай федэрацыі і Англіканскай Царквы, некаторых мусульманскіх і індуісцкіх аб’яднанняў.

Гаворка ідзе пра ўжо другую малітоўную ініцыятыву Францішка, накіраваную на спрыянне міру ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Паўднёвым Судане. 23 лістапада 2017 г. у Ватыкане праходзіла спецыяльная малітва аб прымірэнні ў гэтых краінах, якую ўзначальваў сам Папа.

Дэмакратычная Рэспубліка Конга з’яўляецца другой па велічыні краінай на кантыненце. Яна размешчана ў Цэнтральнай Афрыцы, у басейне ракі Конга. З 1993 г. тут з рознай інтэнсіўнасцю ідзе грамадзянская вайна.

Паўднёвы Судан у якасці незалежнай дзяржавы існуе з 9 лiпеня 2011 г. Побач з памежным канфліктам з Суданам тут мае месца ўнутраны канфлікт на этнічнай глебе. Сур’ёзнай пагрозай з’яўляецца праблема голаду. Амаль палова насельніцтва краіны не мае доступу да пітной вады.








All the contents on this site are copyrighted ©.