2018-02-20 12:52:00

Рэкалекцыі для Папы: любоў – сродак ад роспачы


Чацвёртая медытацыя падчас велікапосных рэкалекцый з удзелам Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі была прысвечана роспачы, як супрацьлегласці празе і жаданню жыцця. Разважанні прагучалі раніцай 20 лютага 2018 г. у капліцы духоўнага цэнтра мястэчка Арыча.

Рэкалекцыяніст, кс. Жазэ Таленціна Мэндонса, заўважыў, што калі паддаемся роспачы, пачынаем духоўна хварэць. Роспач праяўляецца, калі адмаўляемся ад жаданняў, калі перастаем шукаць радасці ў сустрэчах, размовах, выйсці насустрач іншым людзям, задумах, працы і нават малітве, калі памяншаецца наша цікавасць да людзей, калі адаласабляемся ад іх. 

Святар нагадаў, што Эвагрый Пантыйскі казаў пра “дэмана роспачы”, а Ян Касіян папярэджваў аб яе наступствах для манахаў: глыбокай незадаволенасці, якая вядзе да згубы энтузіязма. Таксама і Францішак, у сваёй Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”, звяртаў увагу на “магільную псіхалогію, якая паступова ператварае хрысціянаў у музейных мумій” і прыводзіць да прывязанасці да саладжавага смутку.

У сучасную эпоху роспач успрымаецца як паталогія, якую павінны лячыць псіхіятры. Але, паводле кс. Мэндонсы, лекамі тут не абыйсціся. Клопат павінен ахопліваць усю асобу цалкам. Існуюць схаваныя пакуты, крыніцы якіх у таямніцы чалавечай адзіноты або эмацыйным выгаранні, страце блізкай асобы ці перажытым фіяска, пакінутасці ці злоўжываннях, з якімі чалавек сустрэўся ў маленстве, эканамічнай беднасці і войнах.

Унутраную пустату, людзі, якія адчуваюць сябе пакінутымі, нярэдка запаўняюць трывогай або фальшывымі сродкамі, якія прыносяць часовую палёгку: марнасцю, алкаголем, сацыяльнымі сеткамі, спажывецтвам ці гіперактыўнасцю, заўважыў рэкалекцыяніст.

Партугальскі святар спаслаўся на некалькі біблійных прыкладаў. Спачатку ён нагадаў пра постаць Ёны, які не жадаў прымаць “зместу Божай волі”, логіку Яго міласэрнасці, супрастаяў прагненню Пана прывесці ўсіх да новых адносін. З іншага боку ёсць Якуб, які змагаўся з Богам аж да світанку, маючы глыбокае жаданне жыцця.

Смутак, злучаны з роспачу, нагадвае таксама пра багатага юнака, які спаўняў усе запаведзі, але калі трэба было зрабіць канчатковае рашэнне, аддаў перавагу багаццям, а не магчымасці жыцця ў даверы. Нярэдка наш смутак паходзіць ад такой няздольнасці, заўважыў рэкалекцыяніст.

Такім чынам тут гаворка ідзе пра адсутнасць жадання: не заўсёды праблема роспачы заключаецца ў празмернай дзейнасці, часцей у адсутнасці належнай матывацыі, сказаў ён і падкрэсліў, што адказам на гэту праблему з’яўляецца Езус. 

Трэба захоўваць лучнасць з Ім і гатоўнасць, на падабенства Езуса пакутаваць за іншых людзей з любові. Трэба перамагаць адчай, паразу, стомленасць у еднасці з Богам, які кажа: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне”, закончыў сваё разважанне кс. Мэндонса.








All the contents on this site are copyrighted ©.