2018-02-18 12:10:00

Пантыфік пра Вялікі пост: час пакаяння і духоўнай барацьбы


Перажыць Вялікі пост з вернасцю Божаму слову і нястомнай малітвай, як Езус рабіў у пустыні, заклікаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая адбылася 18 лютага 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“У гэту першую нядзелю Вялікага посту, Евангелле ўздымае тэму спапушэння, навяртання і Добрай навіны. Тры тэмы: спакушэння, навяртання і Добрай навіны, - падкрэсліў Папа. - Евангеліст Марк піша: “І адразу Дух павёў Яго ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго” (Мк 1,12-13). Езус ідзе ў пустыню, каб падрыхтавацца да сваёй місіі ў свеце. Яму не патрэбна навяртанне, але, паколькі з’яўляецца чалавекам, павінен прайсці праз гэта выпрабаванне, як для самога Сябе, каб быць паслухмяным волі Айца, так і для нас, каб даць нам ласку перамогі над спакусамі. Гэта падрыхтоўка заключаецца ў змаганні супраць злога духа, супраць д’ябла. Таксама для нас Вялікі пост – гэта час духоўнай “баявітасці”, духоўнай барацьбы: мы пакліканы змагацца з сатаной малітвай, каб быць здольнымі, з Божай дапамогай, перамагчы яго ў нашым штодзённым жыцці. Мы ведаем, што зло, нажаль, дзейнічае ў нашым жыцці і вакол нас, паўсюль, дзе праяўляецца насілле, непрыняцце іншага, закрытасць, войны, несправядлівасць. Усё гэта справы сатаны, злога...

Адразу пасля спакушэння ў пустыні, Езус пачынае прапаведваць Евангелле, гэта значыць Добрую навіну, якая патрабуе ад чалавека навяртання і веры. Ён абвяшчае: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае” (Мк 1,15); а затым скіроўвае заклік: “Кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1,15), гэта значыць верце ў гэтую Добрую навіну, што Божае Валадарства блізка. У нашым жыцці мы заўсёды патрабуем навяртання, штодзённа, і Касцёл дапамагае нам аб ім маліцца. Сапраўды, мы ніколі не з’яўляемся дастаткова звернутымі да Бога і павінны пастаянна скіроўваць наш розум і сэрца да Яго. Каб рабіць гэта неабходна мець мужнасць адмовіцца ад усяго, што зводзіць са шляху, ад фальшывых каштоўнасцяў, якія падманваюць нас, падступна прывабліваючы наш эгаізм. Мы, аднак, павінны давяраць Пану, Яго дабрыні і Яго любячай задуме адносна кожнага з нас. Вялікі пост – гэта час пакаяння, так! Але гэта не смутны час, не час жалобы! Гэта час для радаснай і сур’ёзнай працы, каб ачысціцца ад нашага эгаізму, ад нашага старога чалавека і аднавіцца паводле ласкі нашага хросту.

Толькі Бог можа падарыць нам сапраўднае шчасце: бессэнсоўна губляць наш час, шукаючы яго дзе-небудзь яшчэ – у багаццях, задавальненнях, ўладзе, кар’еры... Божае Валадарства – гэта спаўненне ўсіх нашых самых глыбокіх і сапраўдных памкненняў, бо з’яўляецца, у той жа час, збаўленнем чалавека і славай Бога. У гэту першую нядзелю Вялікага посту мы запрошаны ўважліва выслухаць і прыняць гэты заклік Езуса да пакаяння і веры ў Евангелле. Мы закліканы з цвёрдымі пастанаўленнямі распачаць шлях да Пасхі, каб усё больш прыняць Божую ласку, якая прагне перамяніць свет у валадарства справядлівасці, міру і братэрства.

Няхай Найсвяцейшая Марыя дапамагае нам перажыць гэты Вялікі пост з вернасцю Божаму слову і нястомнай малітвай, як Езус рабіў у пустыні. Гаворка не ідзе пра штосьці немагчымае! Трэба пражываць дні з гарачым жаданнем прыняцця любові, што паходзіць ад Бога і хоча перамяніць наша жыццё і ўвесь свет”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на галоўнай ватыканскай плошчы рымлян і пілігрымаў з розных частак свету. Прыгадваючы, што Вялікі пост з’яўляецца часам навяртання і барацьбы са злом, ён скіраваў асаблівае прывітанне вязням, якія знаходзяцца ў турмах, заклікаючы іх перажыць велікапосны перыяд як нагоду для прымірэння і аднаўлення ўласнага жыцця пад міласэрным позіркам Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.