2018-02-10 12:54:00

Сакратар Бэнэдыкта XVI пра пятую гадавіну адстаўкі


Бэнэдыкт XVI выбраў такі лад жыцця, каб падрыхтавацца да канчатковай сустрэчы з Панам, і робіць гэта, жывучы глыбокай духоўнасцю, ахвяруючы свае малітвы і фізічныя недамаганні ў інтэнцыі Касцёла і Папы, сказаў былы асабісты сакратар Пантыфіка на пенсіі.

Кс. Альфрэд Хуэрэб у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё прызнаўся, што найбольш з яго пяцігадовага служэння ля Бэнэдыкта XVI яму запомніўся дзень, калі той паведаміў пра свой сыход з пасады Біскупа Рыма. “Я вельмі добра памятаю, - успамінае ён - гэта было 5 лютага. І хоць спачатку я хацеў папрасіць яго яшчэ раз падумаць над сваім рашэннем, неўзабаве зразумеў, што ён шмат маліўся ў гэтай інтэнцыі. (...) Калі ён аб’яўляў аб сваім рашэнні на кансысторыі 11 лютага, я увесь час плакаў. Ён быў спакойны, бо меў упэўненасць, што гэта рашэнне было намоленым, што ён знаходзіцца ў руках Бога і ў згодзе з Ім”.

На пытанне, ці людзі сёння лепш разумеюць рашэнне пяцігадовай даўнасці, былы сакратар Бэнэдыкта XVI адказаў, што “некаторыя напэўна так, хоць многія іншыя павінны лепш зразумець яго”. “Гэта быў вялікі жэст. Бэнэдыкт зразумеў, асабліва падчас палёту ў Мексіку, што ён ужо не ў стане здзяйсняць такія доўгія падарожжы. А набліжаўся Сусветны дзень моладзі ў Бразіліі, таму разумеў, што не зможа туды паляцець, не зможа дазволіць сабе такі вялікі высілак... І, на мой погляд, ён рашыўся на сапраўдны подзвіг, таму што думаў у першую чаргу пра Касцёл, пра любоў да Касцёла, якая была большай, чым любоў да сябе. Ён не правяраў, што людзі ці нейкія асяродкі скажуць на гэтую тэму: што, магчыма, больш не мае мужнасці працягваць свой пантыфікат... Ён увесь час быў спакойным, жыццярадасным з таго моманту, калі зразумеў, што Бог заклікаў яго зрабіць такі крок, любячы Касцёл больш, чым сябе”, - сказаў кс. Хуэрэб.

11 лютага 2013 г. Бэнэдыкт XVI у 11.00 склікаў кансісторый з удзелам кардыналаў. Яго галоўнай тэмай былі кананізацыйныя працэсы. Між тым, у канцы Папа нечакана на латыні абвясціў пра сваю адстаўку, патлумачыўшы, што ён больш не можа выконваць абавязкі па прычыне ўзросту і стану здароўя.








All the contents on this site are copyrighted ©.