2018-02-09 13:17:00

Папа заклікаў да супрацоўніцтва ў барацьбе з гандлем людзьмі


Аб важнасці эфектыўнага супрацоўніцтва ў барацьбе з гандлем людзьмі казаў Францішак падчас сустрэчы з удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай у Ватыкане “Групай святой Марты” – асацыяцыяй, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў Касцёла, праваахоўных органаў і грамадскай супольнасці, што змагаюцца з гандлем людзьмі ў розных частках свету. Аўдыенцыя адбылася 9 лютага 2018 г. у Клементыйскай зале Апостальскага палаца.

Святы Айцец падзякаваў удзельнікам форума за ўклад у змаганне з прычынамі і наступствамі сучаснага рабства і за дапамогу ахвярам гэтай ганебнай з’явы. “Спадзяюся, што гэтыя дні рэфлексіі і абмену досведам пралілі больш яснае святло на ўзаемазалежнасць паміж глабальнымі і лакальнымі аспектамі гандлю людзьмі. Досвед паказвае, што такія сучасныя формы рабства значна больш распаўсюджаныя, чым мы можам сабе ўявіць, нават – да нашага сораму і абурэння – унутры найбольш багатых грамадстваў”, - сказаў Папа. 

Паводле Францішка, грамадствы нярэдка становяцца саўдзельнікамі гандляроў людзьмі, калі талерантна адносяцца да выкарыстання людзей у сексуальных мэтах і эксплуатацыі найбольш уразлівых асоб, ці нават падтрымліваюць гэта. Ён заклікаў да глыбокай рэфлексіі над гэтым феноменам. 

У барацьбе з гандлем людзьмі ўвага павінна быць звернута не толькі на ліквідацыю злачынных сетак, але таксама на спрыянне больш адказнаму выкарыстанню тэхналогій і сродкаў камунікацыі. Не менш важным з’яўляецца вывучэнне этычнасці мадэляў эканамічнага росту, у якіх аддаецца перавага атрыманню прыбытку дзякуючы эксплуатацыі людзей, лічыць Папа.

“Я ўпэўнены, што вашы дыскусіі ў гэтыя дні дапамогуць умацаваць ўсведамленне неабходнасці – якая пастанна расце, – дапамагаць ахвярам гэтых злачынстваў, суправаджаючы іх на шляху рэінтэграцыі ў грамадства і вяртання іх чалавечай годнасці. Касцёл удзячны за ўсе намаганні, якія робяцца, каб несці алей Божай міласэрнасці пакутуючым, бо гэта з’яўляецца важным крокам для аздараўлення і абнаўлення ўсяго грамадства”, - сказаў Святы Айцец.

Прысвечаная барацьбе з гандлем людзьмі, міжнародная канферэнцыя прайшла 8-9 лютага 2018 г. у сядзібе Папскай акадэміі навук. У ёй прымалі ўдзел дэлегаты з больш чым 30 краін свету: біскупы, дыпламаты, навукоўцы, паліцэйскія, душпастыры, прадстаўнікі экспертных цэнтраў, грамадскіх, дабрачынных і праваабарончых арганізацый. Форум быў прымеркаваны да Міжнароднага дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі, які адзначаецца 8 лютага ва ўсіх каталіцкіх дыяцэзіях і парафіях свету з 2015 г. па ініцыятыве Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.