2018-02-03 13:33:00

Святы Айцец: ліхвярства прыніжае і забівае


“Ліхвярства – гэта цяжкі грэх, які забівае жыццё, зневажае годнасць людзей, з’яўляецца рухавіком карупцыі і перашкаджае супольнаму дабру”, - адзначыў Папа падчас аўдыенцыі для кіраўніцтва, супрацоўнікаў і валанцёраў італьянскай Нацыянальнай рады па барацьбе з ліхвярствам (Consulta Nazionale Antiusura). Сустрэча адбылася 3 лютага 2018 г. у апостальскім палацы Ватыкана.

У прамове Святы Айцец падкрэсліў, што ліхвярства аслабляе сацыяльныя і эканамічныя асновы краіны. “З вялікай колькасцю бедных, сем’яў, якія загразнулі ў даўгах, ахвяр цяжкіх злачынстваў і карумпаваных людзей, ніводная краіна не можа планаваць сур’ёзнага эканамічнага росту ці, прынамсі, адчуваць сябе ў бяспецы”, - адзначыў ён.

Паводле Пантыфіка, ліхвярства прыніжае і забівае. “Гэта старажытнае зло, якое, нажаль, яшчэ існуе сёння. Яно на падабенства змея, душыць ахвяру. Трэба прадухіляць яго, выцягваючы людзей з паталагічнага пазычання, да якога звяртаюцца, каб пражыць ці выратаваць прадпрыемства. Яго можна прадухіляць навучаючы людзей больш сціпламу ладу жыцця, здольнаму адрозніваць другаснае ад неабходнага, выхоўваючы ў людзях пачуццё адказнасці, каб не залазілі ў даўгі дзеля набыцця рэчаў, ад якіх можна адмовіцца. Важна адрадзіць цноту беднасці і ахвяры: беднасці, каб не стаць рабамі рэчаў, і ахвяры, бо ад жыцця немагчыма атрымаць усяго”, - сказаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што ля вытокаў эканамічнага і фінансавага крызісу знаходзіцца такое бачанне жыцця, пры якім на першае месца ставіцца прыбытак, а не асоба. У цэнтры эканамічнай палітыкі грамадскіх устаноў, аднак, павінна быць “чалавечая годнасць, этыка, салідарнасць і супольнае дабро”, сказаў ён і заклікаў гэтыя структуры да выкаранення механізмаў, якія прамым ці ўскосным чынам, становяцца прычынай ліхвярства, як напрыкад азартныя гульні.

“Дарагія браты, ваша служэнне патрабуе, каб вы былі людзьмі сустрэчы, слухання і блізкасці. Таму заклікаю вам трымаць позірк і сэрца на Езусе, спыняцца да старонках Евангелля, дзе Ён сустракае бедных і жабракоў, пракажоных і паралізаваных, і “ставіць іх на ногі”, вяртаючы ім годнасць і будучыню. Змагаючыся з ліхвярствам і карупцыяй, таксама і вы можаце несці надзею і сілу ахвярам, каб маглі аднавіць давер і ўзняцца над сваімі патрэбамі. Для грамадскіх структур вы з’яўляецеся стымулам, каб даць канкрэтныя адказы тым, хто дызарыентаваны, хто згубіў надзею і не ведае, што рабіць, каб утрымаваць уласную сям’ю. Нават для саміх ліхвяроў вы можаце быць заклікам да чалавечнасці і справядлівасці, да ўсведамлення таго, што ў імя грошай нельга забіваць братоў!”, - сказаў Святы Айцец.

Нацыянальная рада па барацьбе з ліхвярствам з'яўляецца італьянскім грамадскім аб'яднаннем, якое было заснавана ў 1991 г. Яго аддзяленні знаходзіцца ў больш чым 100 гарадах краіны. За гады сваёй дзейнасці яно выратавалася з ціскоў ліхвярскіх даўгоў або рызыкі ліхвярства каля 25 тыс. італьянскіх сем'яў.








All the contents on this site are copyrighted ©.