2018-01-29 08:50:00

Пантыфік сустрэўся з украінскімі грэка-католікамі Рыма


Францішак падзякаваў украінскім грэка-католікам, якія жывуць у Рыме, за вернасць Наступніку св. Пятра. Вечарам 28 студзеня 2018 г. ён наведаў базыліку св. Сафіі – цэнтр духоўнага жыцця ўкраінскай супольнасці ў Вечным горадзе. Прывітаць Папу сабраліся епіскапы, святары і семінарысты, а таксама шматлікія вернікі, якія жывуць і працуюць у Рыме.

Звяртаючыся да сабраных, Святы Айцец узгадаў пра тры выбітныя постаці Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы: кардынала Іосіфа Сліпага, які ініцыяваў будаўніцтва базылікі св. Сафіі; епіскапа Стэпана Чміля, які падчас служэння ў Аргентыне пазнаёміў яго з прыгажосцю ўкраінскай літургіі і культуры, а зараз пахаваны ў гэтай рымскай базыліцы; а таксама кардынала Любаміра Гузара, памерлага каля года таму.

“Калі пераступаеце парог гэтай святыні, памятайце, узгадвайце айцоў і маці ў веры, бо яны з’яўляюцца фундаментам, які вас падтрымлівае: тыя, хто навучыў нас Евангеллю сваім жыццём, дагэтуль нас вядуць і спадарожнічаюць”, - пажадаў Папа.

На сустрэчы са Святым Айцом прысутнічала вялікая колькасць украінскіх жанчын, якія працуюць у італьянскіх сем’ях, даглядаючы пажылых людзей. Папа заклікаў іх разглядаць сваю працу ў якасці місіі, праз выкананне якой могуць сведчыць аб веры, несці суцяшэнне і лагоднасць Бога тым, хто рыхтуецца да сустрэчы з Ім.

Францішак адзначыў важнасць таго, каб парафія была месцам сустрэчы з жывым Хрыстом. Паводле яго, менавіта тут можна знайсці падтрымку ў моманты адчування самотнасці і настальгіі, перамагчы спакусу самаізаляцыі і закрытасці, “чэрпаць хлеб для штодзённага вандравання, суцяшэння сэрца і аздараўлення ран”.

Святы Айцец запэўніў украінскую супольнасць у сваёй малітве за мір. “Малюся, каб надзея ніколі не сгасла ў сэрцы кожнага чалавека, каб заўсёды аднаўлялася адвага, каб крочыць наперад і заўсёды пачынаць спачатку”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне прамовы ён распавёў, што мае ў сваім пакоі ўкраінскі абраз, падораны яму архіепіскапам Кіева-Галіцкім Святаславам Шаўчуком на заканчэнне служэння грэка-каталіцкага іерарха ў Аргентыне.








All the contents on this site are copyrighted ©.