2018-01-28 11:32:00

Папа: жыццё без Маці Божай – небяспека для веры


У нядзелю 28 студзеня 2018 г. Пантыфік узначаліў св. Імшу ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ з нагоды свята Перанясення іконы Маці Божай “Salus Populi Romani”. Вельмі шанаваны рымскімі вернікамі цудатворны абраз вярнуўся ў базыліку пасля рэстаўрацыі, якая праводзілася ў лабараторыях Ватыканскіх музеяў.

Гамілія Святога Айца стала сапраўдным гімнам праслаўлення Панны Марыі. Як Айцы Касцёла заклікалі заўсёды шукаць паратунку пад плашчом Маці Божай, так і Францішак нагадаў, што яна сцеражэ веру, ахоўвае адносіны, бароніць ад зла. “Там дзе Маці Божая ёсць у доме, д’ябал не ўваходзіць; там, дзе ёсць Маці, не пануе неспакой, не перамагае страх”, - сказаў ён.

“Як часта сэрца з’яўляецца неспакойным морам, дзе хвалі праблем накладаюцца адна на адну і не перастаюць дзьмуць вятры неспакою! Марыя з’яўляецца надзейным каўчэгам пасярод патопу. Не ідэі ці тэхналогіі даюць суцяшэнне і надзею, але аблічча Маці, яе рукі, якія песцяць жыццё, яе плашч, які нас бароніць. Будзем вучыцца шукаць паратунку штодзённа ідучы да Маці”, - заклікаў Францішак.

Папа нагадаў, што Панна Марыя заўсёды ўважлівая да цяжкасцяў і жыццёвых тубротаў людзей. “І ніколі не пагараджае нашымі малітвамі; не дазваляе, каб нават адна з іх змарнавалася. Яна – Маці, ніколі не саромецца, але чакае, каб мець магчымасць дапамагчы сваім дзецям”, - запэўніў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што сам Езус з крыжа пакінуў чалавецтву сваю Маці ў якасці абаронцы і заступніцы. Яна з’яўляецца запаветам Хрыста і мы “патрабуем яе, як вандроўнік патрабуе адпачынку, як дзіця патрабуе таго, каб быць узятым на рукі. Вялікая небяспека для веры – жыць без Маці, без абароны, дазваляць жыццю несці нас як вецер нясе лісце”, сказаў Папа.  

З пачатку пантыфіката Францішак наведаў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ ўжо ў 59 раз. Менавіта тут, ля абраза Маці Божай “Salus Populi Romani”, ён схіляецца ў малітве кожны раз перад пачаткам і пасля заканчэння сваіх Апостальскіх падарожжаў у розныя часткі свету, давяраючы апецы Панны Марыі плёны сваіх пастырскіх пілігрымак.








All the contents on this site are copyrighted ©.