2018-01-27 16:23:00

Велікапосныя рэкалекцыі для Папы правядзе святар-паэт


Велікапосныя рэкалекцыі для Папы і іерархаў Рымскай курыі правядзе кс. Жазэ Таленціна Мэндонса – партугальскі душпастыр, тэолаг і паэт, віцэрэктар Лісабонскага каталіцкага ўніверсітэта і кансультант Папскай рады па культуры. 53-гадовы святар вельмі вядомы ў сваёй краіне. У 2014 г. ён быў афіцыйным прадстаўніком Партугаліі на Сусветным дні паэзіі.

Духоўныя практыкаванні пройдуць 18-23 лютага 2018 г. Як і ў папярэднія гады месцам іх правядзення будзе не Ватыкан, а невялікі італьянскі горад Арыча, які знаходзіцца прыкладна ў 30 кіламетрах ад Рыма. Праграма рэкалекцый прадугледжвае штодзённую Эўхарыстыю, адарацыю, малітву і праслухоўванне духоўных разважанняў. Сёлета яны будуць прысвечаны самым глыбокім прагненням чалавека і Бога.

Па традыцыі на час рэкалекцый Святога Айца будуць прыпынены ўсе прыватныя і спецыяльныя аўдыенцыі, у тым ліку агульныя, якія праходзяць з удзелам шматлікіх вернікаў па серадах.








All the contents on this site are copyrighted ©.