2018-01-26 14:48:00

Францішак падкрэсліў ролю Папскай тэалагічнай акадэміі


Папская тэалагічная акадэмія павінна спрыяць сустрэчы паміж тэалогіяй, філасофіяй і навукамі аб чалавеку, каб добрае зерне Евангелля прыносіла плёны на шырокім полі ведаў, пажадаў Францішак падчас аўдыенцыі для членаў гэтай навучальнай установы. Сустрэча прайшла 26 студзеня 2018 г. і была прымеркавана да яе 300-годдзя.

У прамове Францішак заўважыў, што Папская тэалагічная акадэмія ад самага свайго заснавання ў 1718 г. папам Клементам ХІ была паклікана выконваць ролю месца духоўнай фармацыі духавенства. Дагэтуль яе нязменным заданнем застаецца падтрымка Касцёла ў яго разуменні веры перад абліччам выклікаў новых культур і кантэкстаў, дадаў ён. 

Пантыфік нагадаў, што Папская тэалагічная акадэмія ніколі не была “ізаляванай і аўтаномнай структурай”, але заўсёды падтрымлівала блізкія адносіны з іншымі адукацыйнымі рымскімі структурамі, як свецкімі, так і каталіцкімі, спрыяючы, такім чынам, іх узаемнаму ўзбагачэнню.

Святы Айцец пажадаў, каб гэта своеасаблівая тоеснасць была захавана. Блізкае супрацоўніцтва, якое пачалося сёння паміж касцёльнымі рымскімі ўніверсітэцкімі ўстановамі патрабуе ад Тэалагічнай акадэміі быць здольнай уключыцца ў плённы дыялог з кожнай з іх, каб спрыяць сумеснай і скаардынаванай дзейнасці, дадаў Францішак. 








All the contents on this site are copyrighted ©.