2018-01-26 13:17:00

Папа: праўда і сведчанне – неабходныя для перадачы веры


Перадача веры была галоўнай тэмай гаміліі Святога Айца падчас Эўхарыстыі, якую ён цэлебраваў раніцай 26 студзеня 2017 г. у капліцы ватыканскага Дома св. Марты. Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Другога паслання да Цімафея (1,1-8) ён звярнуў увагу на некаторыя важныя для евангелізацыі аспекты дзейнасці вернікаў.

У першую чаргу, каб “нарадзіць кагосьці для веры”, трэба прадстаўляць Евангелле ва ўсёй яго праўдзе. Апостал Павел не рабіў хрысціянскае пасланне саладжавым, абвяшчаючы яго толькі напалову. Ён казаў аб ім праўдзіва і адважна. Прапаведванне не можа быць “цёплым”, яно павінна быць як штуршок, які стымулюе рушыць наперад, лічыць Пантыфік. 

Францішак заўважыў таксама, што вера павінна перадавацца праз сведчанне, якое дае сілу словам. “Як яны любяць адзін аднаго!”, казалі людзі пра першых вучняў, па гэтым распазнаючы, што яны з’яўляюцца хрысціянамі, заўважыў Святы Айцец. Ён заклікаў вернікаў сведчыць аб сваёй веры не прымаючы ўдзелу ў распаўсюджванні плётак і клапоцячыся аб патрабуючых.

Яшчэ адзін аспект, на які звярнуў увагу Папа, тычыўся мацярынства Касцёла. “Вера перадаецца ў матычным улонні, ва ўлонні Касцёла”, - патлумачыў Францішак і дадаў, што гэта мацярынства павінна знаходзіць працяг у дзейнасці шматлікіх хрысціянскіх жанчын і маці.

Святы Айцец заклікаў жанчын вучыць дзяцей веры з маленства, не толькі думаючы, што гэта зробяць катэхеты. Папа прызнаўся, што яго вельмі засмучае, калі бачыць, што дзеці не ўмеюць рабіць нават знак крыжа, бо маці ці бабуля не навучылі іх. Ён перакананы, што вучыць перадачы веры жанчын трэба яшчэ пры падрыхтоўцы да заключэння сакрамэнту сужэнства. 








All the contents on this site are copyrighted ©.