2018-01-23 12:49:00

Пантыфік правёў прэс-канферэнцыю на борце самалёта


У размове з журналістамі 22 студзеня 2018 г. на борце самалёта, па дарозе з Лімы ў Рым, Францішак закрануў пытанне карупцыі ў дзяржаве і Касцёле, праблему сексуальных злоўжыванняў і абароны непаўналетніх, пракаментаваў свой чарговы лацінаамерыканскі візіт.

Адказваючы на пытанне аб карупцыі, Святы Айцец адзначыў, што гэта следства першароднага граху, і дадзеная з’ява прысутнічае ў многіх краінах свету. Ён нагадаў, што кожны чалавек грэшны, але значна больш сур’ёзным з’яўляецца яго сапсутасць і глыбокая дэмаралізацыя. Гэта выяўляецца ў тым ліку і ў эксплуатацыі рабочых і сексуальным выкарыстанні.

Пантыфік пракаментаваў сітуацыю вакол Таварыства апостальскага жыцця “Sodalitium Christianae Vitae”. Ён нагадаў, што прызначэнне спецыяльнага камісара і правядзенне праверкі ў гэтым каталіцкім аб’яднанні, якое дзейнічае у Лацінскай Амерыцы, звязана з падазрэннем у маніпуляцыі сумленнямі вернікаў. Яго заснавальніка і генеральнага настаяцеля, кс. Луіса Фернанда Фігары абвінавачваюць у злоўжываннях, у тым ліку фінансавых і сексуальных. Святар цяпер жыве ў ізаляцыі. Многія рэчы застаюцца нявысветленымі. Таму Святы Пасад увёў камісарскае кіраванне Інстытутам.

Падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі Францішак нагадаў пра сваю пазіцыю адносна сексуальных злоўжыванняў у Касцёле: тут не можа быць ніякай паблажлівасці. Ён таксама казаў пра драму ахвяраў педафіліі, якія не прадстаўляюць доказаў таго, што адбылося. Папа прызнаў, што слова “доказ” не надта трапнае, але не можна асуджаць некага без маральнай упэўненасці, што злачынства было здзейснена.

Святы Айцец сказаў, што хоць паведамленні некаторых СМІ сцвярджаюць, што яго візіт у Чылі быў не вельмі ўдалым, ён крануты цудоўным прыёмам і пакінуў краіну ў вельмі шчаслівым настроі, таму што не чакаў, што так шмат людзей выйдзе на вуліцы, каб вітаць яго.

Калі Пантыфіка спыталі пра ўражанні з Перу, ён падкрэсліў веру народа, які перажывае шмат цяжкасцяў. Заўважыў, што ў Лацінскай Амерыцы гэта народ, які мае найбольшую колькасць святых. “Я вязу з Перу пачуццё радасці, веры, надзеі, і, перш за ўсё радуе, што было вельмі шмат дзяцей! Той жа вобраз, што я бачыў на Філіпінах і ў Калумбіі: таты і мамы, якія прыносяць сваіх дзяцей... Гэта кажа пра будучыню, пра надзею. Беражыце гэта багацце”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.