2018-01-21 15:47:00

Пантыфік у Перу: малітва з кляўзуровымі законніцамі


“Прывілеяваным шляхам” назваў Францішак кантэмпляцыйнае жыццё. 21 студзеня 2018 г. у Ліме ён наведаў супольнасць кляўзуровых сясцёр і памаліўся з імі Літургіяй гадзінаў. Малітоўнае жыццё – супольнае і асабістае, гэта шлях узрошчвання досведу любові, якая падтрымлівае веру. А малітва заўсёды застаецца місійнай. Гэта яе місійнасць робіць нас адзінымі з нашымі братамі і сёстрамі ў любой сітуацыі, у якой яны знаходзяцца, падкрэсліў Папа.

Ён адзначыў, што кляўзуровыя законніцы праз малітву яднаюцца з пакутамі многіх людзей. Такім чынам, іх жыццё мае місійны і ўсеагульны маштаб. “Вы моліцеся і просіце за многіх нашых братоў і сясцёр, зняволеных, мігрантаў, бежанцаў і ахвяр пераследу, за многія сем’і, якія маюць цяжкасці, беспрацоўных, бедных, хворых і тых, хто змагаецца з наркаманіяй. І гэта толькі некаторыя з найбольш неадкладных сітуацый”, - сказаў Пантыфік.

Менавіта таму, на думку Францішка, жыццё за замкнёнай брамай кляштару не замыкае і не абмяжоўвае сэрца, наадварот, пашырае, дзякуючы адносінам з Панам, што нараджае здольнасць па-новаму адчуваць боль, пакуты, расчараванне і няшчасце многіх асоб, якія з’яўляюцца ахвярамі сучаснай “культуры адчужэння”. “Няхай малітва за патрабуючых будзе вашай адметнай рысай”, - пажадаў Святы Айцец.

Ён заклікаў сясцёр маліцца за вельмі патрэбнае адзінства ў Касцёле. “Аб’яднаныя надзеяй. Аб’яднаныя любоўю. У адзінстве, што зыходзіць ад нашых зносін з Хрыстом, Які аб’ядноўвае нас з Айцом у Духу Святым , а ў Эўхарыстыі аб’ядноўвае нас адно з адным у гэтай вялікай таямніцы, якой ёсць Касцёл”, - сказаў Папа. Ён папрасіў, каб у разгар раз’яднанасці і падзелу кляштары былі асяродкамі супольнага жыцця.

“Дарагія сёстры, Касцёл мае патрэбу ў вас. Будзьце маякамі праз ваша вернае жыццё, і сведчыце пра Таго, Хто ёсць шлях, праўда і жыццё, Адзінага Пана, Які прыносіць поўню нашаму жыццю і дае нам жыццё ва ўсёй яго паўнаце”, - пажадаў Францішак падчас малітвы з кляўзуровымі законніцамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.