2018-01-20 11:06:00

Святы Айцец да ўладаў Перу: будуйце краіну надзеі


Мяне радуе той гістарычны факт, што надзея на перуанскай зямлі мае аблічча святасці, бо тут нарадзіліся святыя, якія адкрылі дарогі веры для ўсяго амерыканскага кантынента, сказаў Францішак 19 студзеня 2018 г. прадстаўнікам уладаў, грамадзянскіх інстытутаў і дыпламатычнага корпуса краіны. Сустрэча з удзелам каля 500 чалавек адбылася ў Палацы ўрада Перу ў Ліме.

У адказ на прывітальнае слова перуанскага лідэра Пабла Кучынскі Пантыфік адзначыў, што здзяйсняе візіт пад дэвізам “З’яднаныя надзеяй”, аднак гатовы запэўніць, што ўжо “само сузіранне гэтай зямлі – падстава для надзеі”.

Сярод іншых – Амазонія з яе неверагоднай біялагічнай разнастаўнасцю; багацце культур, што складаюць душу мясцовага народа, гасціннага, узаемаветлівага, удзячнага і чуйнага ў адносінах да зямлі; грамадства, у якім пануе салідарнасць і адказнасць за развіццё ўсіх і кожнага; моладзь, якая ўласцівым ёй дынамізмам і энтузіязмам увасабляе “жывую сучаснасць” краіны.

Асобна Пантыфік спыніўся на тым факце, што Перу дала свету мноства святых. У якасці прыкладу Францішак узгадаў постаць св. Марціна дэ Порэса, перуанскага манаха-дамініканца, заступніка міру ва ўсім свеце, які “паказаў моц і багацце, што нараджаюцца ў людзях, калі ставяць любоў у цэнтры свайго жыцця”.

Сёння, аднак, над надзеяй, увасобленай у так многіх рэчах, навісла пагроза, прызнаў Святы Айцец. Ніколі яшчэ чалавецтва не мела такой улады над сабою, і, улічваючы неразважлівасць, з якой мы рабуем зямлю і прыродныя рэсурсы, няма ніякай гарантыі, што гэтая ўлада будзе выкарыстана дзеля дабра.

“У такім кантэксце “з’яднаныя для абароны надзеі” азначае пашырэнне і развіццё інтэгральнай экалогіі як альтэрнатывы ўжо выкарыстаным мадэлям развіцця, якія, аднак, працягваюць выклікаць заняпад чалавецтва, соцыуму і навакольнага асяроддзя”, - адзначыў Пантыфік. 

Ён нагадаў, што заняпад прыроды непасрэдна звязаны з маральнай дэградацыяй грамадства. У чарговы раз Францішак узняў праблемы сучаснага рабства, а таксама карупцыі. “Колькі шкоды наносіць нашым лацінаамерыканскім народам і дэмакратыям гэтага благаслаўлёнага кантынента дадзены сацыяльны “вірус”, з’ява, якая інфіцыруе ўсё навокал, хоць найбольш пакутуюць з-за яе бедныя і маці-зямля”, - канстатаваў Папа.

Францішак заклікаў да большай празрыстасці ў грамадскіх установах і прыватным сектары. Ён заахвоціў кожнага, хто займае адказную пасаду ў краіне, прыкладаць намаганні, каб Перу стала месцам надзеі і магчымасцяў для ўсіх, а не для невялікай колькасці асоб, каб грамадства будавалася на адносінах братэрства, роўнасці і ўзаемадапамогі. 

Святы Айцец запэўніў, што Каталіцкі Касцёл, у сваю чаргу, будзе заўсёды падтрымліваць працу і ініцыятывы па пераўтварэнні Перу ў зямлю надзеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.