2018-01-19 18:09:00

Пантыфік да перуанцаў: Бог адарыў вас вялікім пакліканнем


Вы, жыхары рэгіёна з цудоўнай назвай “Маці Бога” (Madre de Dios), атрымалі найвялікшае з магчымых пакліканняў; гэта не забытая зямля сіротаў, але Матчына зямля, такімі словамі Францішак прывітаў вернікаў Перу падчас сустрэчы з імі 19 студзеня 2018 г. у Дзяржаўным тэхналагічным універсітэце імя Хорхе Басадрэ ў горадзе Пуэрта-Мальданада.

Балюча канстатаваць, што некаторыя жадаюць ператварыць гэты рэгіён ў безыменную, неўрадлівую зямлю, месца для камерцыі і эксплуатацыі, працягнуў Святы Айцец. Ён нагадаў пра культуру адчужэння, “якая не задавальняецца простым ізаляваннем, але пашыраецца, дзякуючы замоўчванню, ігнаруючы і пазбаўляючыся ўсяго, што не служыць яе інтарэсам”. Гэта культура бязлікая, без повязяў, без твараў. Культура без маці, якая не жадае нічога, акрамя спажывальніцтва”, - перасцярог Папа.

Абыходжанне з зямлёй і людзьмі падпарадкоўваецца той самай логіцы. “Мы прызвычаіліся выкарыстоўваць тэрмін “гандаль людзьмі”, хоць насамрэч павінны казаць пра рабства: працоўнае, сексуальнае, з мэтай заробку”, – адзначыў Святы Айцец. Ён з болем прызнаў існуючую рэчаіснасць: тут, на перуанскай зямлі, “многія жанчыны абясцэнены, пагарджаны і не абаронены ад насілля”; “многія эмігравалі ў Амазонію ў пошуках жылля, зямлі і працы”, паверыўшы абяцанням, што здабыванне золата дапаможа выправіць іх становішча, “але золата можа стаць ілжывым богам, які патрабуе чалавечых ахвяр”, перасцярог Францішак.

Фальшывыя богі, ідалы сквапнасці, грошай, улады карумпуюць усё навокал, таму “заахвочваю вас аб’ядноўвацца ў супольнасці, якія жывуць побач з Езусам”, заклікаў Францішак да малітвы для навяртання і адкрыцця для сябе сапраўднага жыцця, абяцанага Хрыстом.

“Любіце гэтую зямлю, успрымайце яе сваёй. Усхваляйце яе, слухайце, захапляйцеся ёю (...), клапаціцеся і ахоўвайце. Карыстайцеся ёю не як рэччу, якую затым можна выкінуць, але як сапраўдным скарбам, годным асалоды, развіцця і перадачы вашым дзецям”, - заклікаў Францішак перуанскіх вернікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.