2018-01-17 12:46:00

Францішак да духавенства Чылі: не шукайце ідэальнага Касцёла


“Не існуе “сэлфі-паклікання”. Пакліканне патрабуе, каб фотаздымак быў зроблены іншай асобай”, - звярнуўся Папа да духавенства і кансэкраваных асоб Чылі падчас сустрэчы з імі ў катэдральным касцёле Сант’яга, якая адбылася ўвечары 16 студзеня 2018 г. Францішак спаслаўся на вобраз св. апостала Пятра ў яго повязі з супольнасцю хрысціян, якая, хоць і змянялася з цягам часу, але заставалася непарыўнай.

Папа перасцярог, што ў момант разгубленасці і хвалявання, якім для апостала Пятра стала вестка аб укрыжаванні Хрыста, лёгка паддацца роспачы. “Святарскае і манаскае жыццё ў Чылі таксама перажыло і перажывае складаныя хваляванні і выклікі, – працытаваў Францішак арцыбіскупа Сант’яга, кардынала Рыкарда Эсаці. – Разам з верай пераважнай большасці людзей вырасла і пустазелле зла з яго наступствамі ў выглядзе скандалаў і адступніцтва”.

Пантыфік зноў закрануў тэму сексуальных злоўжыванняў адносна дзяцей у Касцёле і запэўніў, што ведае боль, выкліканы падобнымі злачынствамі, і ўважліва сочыць за тым, што прадпрымае мясцовае духавенства, каб пераадолець гэтае цяжкае зло. “Прасіце Бога, каб даў яснасць розуму называць рэчы сваімі імёнамі, адважнасць прасіць прабачэнне і здольнасць вучыцца слухаць тое, што Ён нам кажа”, - сказаў духавенству Святы Айцец.

Іншая праблема – няўменне распазнаваць рэчаіснасць, якая змяняецца. Нярэдка мы паддаёмся спакусе песімізму і, замест абвяшчэння Добрай Навіны, вызнаём апатыю і расчараванне, перасцярог Пантыфік. “Заплюшчваем вочы перад душпастырскімі выклікамі, спадзеючыся, што Духу Святому нечага сказаць. Тым самым мы забываем, што Евангелле – гэта шлях навяртання, не толькі іншых, але і нас саміх. Падабаецца нам ці не, але мы закліканы ўспрымаць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць. Рэчаіснасць персанальную, супольнасці і грамадства”, – працягнуў Папа.

І што засталося ад Пятра, які папракаў свайго Настаўніка адносна таго, як трэба бало б весці ўласнае жыццё? (Мк 8, 31-33) Ён паддаўся сваім слабасцям і граху, і ў выніку вызнаў, што з’яўляецца грэшнікам, слабым і патрабуючым, як іншыя. “Пётр расчараваў Таго, каго абяцаў абараняць. Крытычны момант у жыцці Пятра. (...) Гэта, аднак, той самы момант, калі і нараджаецца апостал”, – працягнуў Францішак.

“Калі ж яны паснедалі, Езус сказаў Сымону Пятру : “Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?” (Ян 21,15), – нагадаў Папа Евангельскі ўрывак. – Езус не дакарае і не абвінавачвае. Адзінае, чаго Ён жадае, – выратаваць Пятра. Уратаваць ад замкнутасці ў сваім граху, (...) ад рызыкі страціць з-за сваіх абмежаванняў усё тое добрае, што перажыў з Езусам”.

“Мы пасланыя з усведамленнем таго, што з’яўляемся прабачанымі. І ў гэтым – крыніца нашай радасці. Мы былі кансэкраваныя, пастыры па вобразу Езуса, укрыжаванага, памерлага і ўваскрослага. Кансэкраваная асоба – гэта той ці тая, хто бачыць ва ўласных ранах знакі Уваскрасення; (...) хто, як Езус, не ідзе насустрач братам з дакорам і абвінавачаннем”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заклікаў духавенства не хаваць сваіх язваў, “бо Касцёл з язвамі здольны зразумець раны сучаснага свету і зрабіць іх сваімі, зносіць іх, суправаджаць і імкнуцца залячыць. Паранены Касцёл не ставіць сябе ў цэнтры, не лічыць сябе ідэальным, але ставіць у цэнтры адзінага, хто можа залячыць раны і якога завуць Езус Хрыстус”. “У Езусе нашы раны адраджаюцца, робяць нас салідарнымі, дапамагаюць зруйнаваць муры, што знявольваюць нас у элітарным пазіцыянаванні, і штурхаюць пракладваць масты і выходзіць насустрач тым, хто прагне міласэрнай любові, якую толькі Езус можа прапанаваць”, – сказаў Папа.

“Езус запрашае Пятра да разважлівасці, і з гэтага моманту пачынаюцца многія падзеі ў яго жыцці, як і прароцкі жэст амывання ног. Пётр, які супраціўляўся, каб яму абмылі ногі, пачаў разумець, што сапраўдная веліч здабываецца праз стаўленне сябе малымі і служыцелямі”, – заключыў Францішак.

Папа пажадаў святарам і духавенству Чылі, каб, абнаўляючы ўласнае “Так!”, некалі сказанае Езусу, яны абнавілі і свой намер не чакаць ідэальнага свету, ідэальнай супольнасці і ідэальнага для евангелізацыі паслядоўніка, але самім ствараць умовы для таго, каб кожная прыгнечаная асоба магла сустрэцца з Езусам.








All the contents on this site are copyrighted ©.