2018-01-16 14:31:00

Святы Айцец сустрэўся з чылійскімі ўладамі і істэблішментам


16 студзеня 2018 г. папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі чылійскіх уладаў і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванымі ў краіне. Мерапрыемства, якое распачалося ў 8.20 па мясцовым часе, праходзіла ў сталічным Палацы Ла-Манеда, афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Чылі.

У адказ на прывітальнае слова чылійскага дзяржаўнага лідэра, спадарыні Мішэль Бачэлет, Францішак падзякаваў кіраўніцтву краіны за запрашэнне і магчымасць “сустрэцца з душой чылійскага народа”.

Пантыфік падкрэсліў наяўны ў краіне ў апошнія гады працэс дэмакратычнага развіцця, станоўчым выразам чаго, па яго словах, сталі апошнія прэзідэнцкія выбары. “Гэты факт набывае асаблівае значэнне ў бягучым годзе, калі адзначаецца 200-годдзе абвяшчэння незалежнасці Чылі”, - дадаў Папа.

За гэты час чылійскі народ змог пераадолець шматлікія цяжкасці, з’яднаць і ўмацаваць мару сваіх айцоў-заснавальнікаў. Аднак “дабро, як і любоў, справядлівасць і салідарнасць, не дасягаюцца аднойчы і назаўсёды; яны заваёўваюцца штодня”, нагадаў Святы Айцец. “Таму вы маеце перад сабой вялікі і захапляючы выклік: працягваць працаваць, каб дэмакратыя, мара вашых заснавальнікаў, па-за фармальнымі аспектамі, была сапраўды месцам сустрэчы для ўсіх”, - сказаў Францішак.

Нацыя – гэта будучыня, дзе вялікую ролю адыгрывае ўменне слухаць, асабліва ў кантэксце этнічнай, культурнай і гістарычнай разнастайнасці, працягнуў ён. Жыццёва неабходна, з гэтага пункту гледжання, “слухаць беспрацоўных, якія не могуць вытрымаць сённяшні дзень, яшчэ менш – заўтрашні”; “карэнныя народы, часта забытыя”, правы і культуру якіх трэба абараняць; “мігрантаў, якія грукаюць у дзверы гэтай краіны ў пошуку лепшага жыцця”; “моладзь у яе трывожным чаканні лепшых магчымасцей”; “пажылых людзей з іх так неабходнай мудрасцю і цяжарам іх слабасці”; нарэшце, “дзяцей, якія чакаюць ад нас канкрэтных адказаў для годнай будучыні”.

У гэтым кантэксце Пантыфік выказаў “боль і сорам за непапраўны ўрон, нанесены дзецям служыцелямі Касцёла”. “Хачу далучыцца да маіх братоў-біскупаў, бо гэта справядліва – прасіць прабачэнне і ўсімі сіламі падтрымліваць ахвяр, адначасова робячы намаганні, каб больш гэта не паўтарылася”, - сказаў Святы Айцец.

У сваёй прамове Папа нагадаў і пра экалагічнае пытанне, якое сёння востра стаіць перад усім чалавецтвам. Па яго словах, Чылі валодае мудрасцю, “здольнай дапамагчы пераўзысці выключна спажывецкае разуменне жыця, каб здабыць разважлівы падыход адносна будучыні”.

Душа чылійскага народа – гэта “пакліканне быць, наравістае жаданне існаваць”, пакліканне, адносна якога ніводзін чалавек не можа адчуваць сваю непрычыннасць, выказаў меркаванне Папа і пажадаў, каб Беззаганная Дзева Марыя з гары Кармэль, Маці і Каралева Чылі, працягвала суправаджаць і дазваляць расці марам чылійскага народа.








All the contents on this site are copyrighted ©.