2018-01-16 13:56:00

Лацінаамерыканскія медыя пра папскі візіт у Чылі і Перу


Лацінаамерыканскія СМІ прысвяцілі шмат месца падарожжу Папы ў Чылі і Перу. Яны пішуць пра візіт у кантэксце канфлікту Чылі і Балівіі за доступ да мора і пра падыход Францішка да праблемы беднасці і абароны навакольнага асяроддзя. 

Блізкае да ўрадавых колаў балівійскае выданне “El Dia” спекулюе, ці Пантыфік выкарыстае візіт у Чылі, каб заклікаць абедзве краіны да прамых перамоў у канфлікце, дзе Балівія імкнецца вярнуць сабе выхад да мора. Пасля 132 гадоў ад завяршэння ў ХІХ ст. вайны паміж Чылі і Балівіяй, прэзідэнт Эва Маралес патрабуе перагляду межаў дзвюх краін. Усе палітычныя партыі ў Чылі выступаюць супраць.

У Аргентыне, на радзіме Францішка, выданне “Clarin” выказвае занепакоенасць з нагоды нядаўніх нападаў на каталіцкія храмы ў Чылі. “Да гэтага часу з ніводнай паездкай Папы ў Лацінскую Амерыку не былі звязаны такія гвалтоўныя інцыдэнты, як зараз у Чылі”, - піша газета.

У сваю чаргу, тэлеканал “CNN Chile” прысвячае эфір выпадкам сексуальных злоўжыванняў у чылійскім Касцёле. Дырэктар арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы візіту Папы, айцец Асвальда Дэ Кастра лічыць, што Святы Айцец спашлецца на гэту тэму.

Усе буйныя газеты ў Чылі прысвячаюць месца папскаму візіту. Газета “La Tercera” публікуе інтэрв’ю з кардыналам Рыкарда Эсаці, арцыбіскупам-мітрапалітам Сант’яга-дэ-Чылі, які лічыць, што “Папа сустрэнецца з Касцёлам, які знаходзіцца ў крызісе, але крызісе, што з’яўляецца благаслаўленнем”. Каталіцкі Касцёл у Чылі перажывае, як і ў многіх іншых краінах, зніжэнне колькасці вернікаў. Усё больш і больш людзей лічаць сябе агностыкамі.

У Перу, другім этапе падарожжа Пантыфіка на лацінаамерыканскі кантынент, газета “La Repubblica” чакае, што Францішак будзе шмат казаць пра барацьбу з беднасцю. “Перу ўдалося вырвацца з замкнёнага кола беднасці. Макраэканамічная палітыка забяспечыла збалансаваную сацыяльную палітыку і давер інвестараў”, - гаворыцца ў спецыяльным артыкуле на старонках перуанскага выдання.








All the contents on this site are copyrighted ©.