2018-01-15 11:48:00

Візіт Папы ў Чылі і Перу пад знакам малітвы і салідарнасці


Пантыфіка чакае вельмі насычаная праграма падчас яго чарговага лацінаамерыканскага падарожжа. Яго прылёт у чылійскую сталіцу, горад Сант’яга, чакаецца ў 0.10 ужо 16 студзеня 2018 г. апрача “пратакольных” сустрэч з прадстаўнікамі ўладаў і дыпламатычнага корпуса, у першай палове дня ён узначаліць св. Імшу ў сталічным парку імя Бернарда О’Хігінса.

Пасля абеду Францішка чакае некалькі сустрэч: з усуджанымі, у жаночым пэнітэнцыярным цэнтры, з духавенствам, у катэдральным касцёле, і мясцовымі біскупамі, у сакрыстыі храма. Завершыць дзень прыватная размова з чылійскімі езуітамі.

Знакавым стане абед з жыхарамі рэгіёну Араўканія, які пройзе на наступны дзень, 17 студзеня, пасля св. Імшы ў горадзе Тэмука. Пасля вяртання ў Сант’яга, Пантыфіка будзе чакаць моладзь. Апрача таго, у гэты дзень ён наведае Чылійскі каталіцкі ўніверсітэт. Эўхарыстыя ў прыморскім горадзе Ікіке 18 студзеня стане апошнім афіцыйным пунктам візіту ў Чылі.

Сярод найбольш важных пунктаў другога этапу Апостальскага падарожжа, які пройдзе ў Перу, сустрэчы Папы з уладамі краіны, прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі і жыхарамі сталіцы, візіт у дзіцячы прытулак. У суботу, 20 студзеня ён узначаліць св. Імшу на ўзбярэжжы горада Уанчака, праедзе на папамабілі па мясцовым жылым квартале “Буэнас-Айрэс”, сустрэнецца з святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі, паўдзельнічае ў марыйным набажэнстве, пасля чаго вернецца ў Ліму.

Цікавым пунктам папскага падарожжа стане малітва Літургіяй гадзін з кляўзуровымі законніцамі, якая адбудзецца 21 студзеня. Заключным пунктам 22-га замежнага і 6-га лацінаамерыканскага падарожжа Францішка стане св. Імша і малітва “Анёл Панскі” на тэрыторыі авіябазы “Лас-Пальмас”.








All the contents on this site are copyrighted ©.