2018-01-12 13:16:00

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця – першыя вынікі


Прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця падвёў вынікі працы гэтай новай структуры Рымскай курыі. На павестцы дня стаіць арганізацыя некалькіх важных для ўсяго Касцёла мерапрыемстваў, перш за ўсё, Сусветнай сустрэчы сем’яў і Сусветных дзён моладзі. 

У рамках падрыхтоўкі да першага – сямейны форум пройдзе ў жніўні 2018 г. у ірландскім Дубліне – у бліжэйшы час будуць апублікаваныя сем “міжнародных катэхез”, па адной на кожны месяц. Разважанні, якія базуюцца на тэксце адгартацыі “Amoris laetitia” і гісторыі сям’і з Назарэту, закліканы прадэманстраваць прароцкую актуальнасць Евангелля сям’і.

Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у 2019 г. у Панаме, сваё натхненне атрымаюць у Сінодзе Біскупаў на тэму моладзі, што пройдзе восенню 2018 г. у Ватыкане. Моладзевы форум будзе вельмі марыйным, прызнаўся кардынал Джозэф Фарэл, што характэрна для краін Цэнтральнай Амерыкі. Зараз ідзе праца над праграмай асноўных падзей, стварэннем “фонда салідарнасці” для патрымкі ўдзелу беднай моладзі, пошукам месц размяшчэння ўдзельнікаў, распрацоўкай падрыхтоўчай катэхізацыі, складам “заплечніка пілігрыма”. У чэрвені ў Панаме пройдзе другая міжнародная падрыхточая нарада, дзе абмяркуюць душпастырскія і лагістычныя аспекты падзеі.

Ужо некалькі месяцаў працягваецца перэгрынацыя крыжа Сусветных дзён. Ён пабываў ужо ў Мексіцы, Санта-Дамінга, на Кубе і Гаіці, у Пуэрта-Рыка, і неўзабаве дасягне Цэнтральнай Амерыкі. 

Кардынал Фарэл звярнуў увагу і на працу Папскай акадэміі жыцця, якая цяпер звязана з Дыкастэрыяй. Ён падкрэсліў, што будзе ўмацоўвацца ўзаемадзеянне структуры з арганізацыямі і асацыяцыямі, якія дапамагаюць жанчынам і сям’і прыняць і захаваць жыццё, прадухіляючы аборт. Будзе працягвацца суправаджэнне і падтрымка даследаванняў па асноўных праблемах біямедыцыны і правоў, якія тычацца чалавечага жыцця. Асаблівая ўвага ў працы Акадэміі таксама будзе звернута на ідэалогіі, звязаныя з жыццём і чалавечым родам.

Іерарх заўважыў, што ў структуры Дыкастэрыі будзе захоўвацца баланс паміж супрацоўнікамі жынчынамі і мужчынамі. Структура з’яўляецца прывілеяваным і сімвалічным месцам, дзе жанчыны і мужчыны працуюць разам на карысць усёй касцёльнай супольнасці, і дзе розніца паміж поламі ўспрымаецца не толькі як магчымасць для сумеснай працы, але і эфектыўнае супрацоўніцтва адказнасці. Прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця нагадаў, што нядаўна высокія пасады падсакратароў тут занялі дзве жанчыны.








All the contents on this site are copyrighted ©.