2018-01-11 10:01:00

Ватыканскія музеі рэарганізуюць маршрут наведвання


Ватыканскія музеі рыхтуюцца да рэарганізацыі маршрута наведвання. Зараз турысты маюць у сваім распараджэнні экспазіцыю працягласцю ў сем кіламетраў, але большасць з іх ідзе кароткім шляхам – адразу ў Сікстынскую капэлу і Станцы Рафаэля. Такім чынам значная частка папскіх мастацкіх калекцый застаецца ім практычна невядомай.

Вырашэнню гэтай праблемы павінна паспрыяць стварэнне дадатковага ўвахода ў музеі, які будзе знаходзіцца недалёка ад цяперашняга і дазволіць патрапіць адразу ў тыя часткі, якія на сённяшні дзень маюць найменшую колькасць наведвальнікаў. Гаворка ідзе пра Грыгарыянскі музей свецкага мастацтва, Этналагічны місіянерскі музей і Квадратны сад, распавяла дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята.

Здараецца, што жадаючы наведаць Сікстынскую капэлу, многія людзі не могуць гэтага зрабіць з-за вялікай колькасці турыстаў ці кепскай арганізацыі патоку наведвальнікаў. Падобныя рэчы, паводле яе слоў, з’яўляюцца непрымальнымі, бо заданне Ватыканскіх музеяў, гэта не проста знаёміць з мастацтвам, але таксама даваць “сведчанне веры і хрысціянскай пабожнасці”. 

Акрамя рэарганізацыі маршрута наведвання ў планах Ватыканскіх музеяў стварэнне новай і больш вялікай канферэнц-залы, бо цяпершаняя разлічана ўсяго на 120 месцаў, чаго не дастаткова для правядзення важных мерапрыемстваў, а таксама больш прасторнага памяшкання для правядзення часовых тэматычных выстаў.

Барбара Ята распавяла таксама пра запланаванае ў бягучым годзе заканчэнне рэстаўрацыі фрэскі “Бітва на Мільвійскім мосце” ў Станцах Рафаэля, правядзенне ватыканскай выставы ў Мексіцы і іншыя ініцыятывы, сярод якіх вялікая выстава, якая ў снежні прыбудзе ў Ватыканскія музеі з Расіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.